“Экскурсія ў школу будучага”
Рацыянальнае выкарыстанне энергіі – адзін з важнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі нашай краіны. Выхаванне культуры энергазберажэння з’яўляецца неабходнай умовай паспяховага развіцця эканомікі і захавання навакольнага асяроддзя. Штогод (з 2007 года) праходзіць рэспубліканскі конкурс праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”. Яго галоўныя мэты – фарміраванне ў падрастаючага пакалення ўсвядомленых адносін да энергарэсурсаў, прапаганда метадаў эканоміі энергіі, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі шляхам рэалізацыі сацыяльна значных праектаў па энергазберагальных тэхналогіях. З 2010 года ў конкурсе ўдзельнічае СШ № 8. Вучні і настаўнікі не раз атрымлівалі ўзнагароды на раённым і абласным этапах.
Сёлетні “Энергамарафон” стаў самым паспяховым. Праект “Экскурсія ў школу будучага” перамог на вобласці ў намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”. На заключным этапе праект заваяваў дыплом III ступені і грашовы прыз – 30 тысяч рублёў для рэалізацыі мерапрыемстваў па павышэнні энергаэфектыўнасці. Аўтар “Экскурсіі ў школу будучага” – намеснік дырэктара СШ № 8 па вучэбнай рабоце Ганна Парукава. Камп’ютарным афармленнем займалася сакратар вучэбнай часці Ганна Федарэнка. “Высокая тэхнічная аснашчанасць новай школы, шматгадовая сістэма працы, творчы і мэтанакіраваны педагагічны калектыў садзейнічаюць фарміраванню ў падрастаючага пакалення ўяўлення, што энергазберажэнне – неад’емная частка дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, а ахова навакольнага асяроддзя – справа ўсіх і кожнага”, – сказала Ганна Парукава.
Анжэліка Саўчанка.