Люстрадзён на сёньня
У гэты дзень 25 красавіка 1885 года ў вёсцы Хільманоўцы Ваўкавыскага павета (цяпер Свіслацкі раён) нарадзіўся Марк Фёдаравіч ЦІУМ-БУФАЛАЎ, святар. Беларус, з сялян, жанаты. Служыцель Чыгірынскай царквы.
У 1906 годзе скончыў настаўніцкую семінарыю, да 1914 года настаўнічаў у Гарадзенскай губерні. З 1914 па 1918 гады праходзіў службу ў царскай арміі. З 1918 па 1924 гады настаўнічаў у Сібіры ў Енісейскай губэрні. Па вяртаньні на радзіму, у 1925 годзе, атрымаў пасаду псаломшчыка ў г. Клічаў. У 1930 годзе быў пасьвечаны Правялебны Іасафам, біскупам Магілёўскім, у дыяканы з прызначэньнем у вёску Благавічы Чавускага раёна. Атрымаўшы новае прызначэньне, стаў служыць у Нічіпаровічскай царкве Шклоўскага раёна дыяканам. У 1930 годзе быў пасьвечаны сьвятаром гэтай жа царквы. У 1931 годзе пераведзены сьвятаром у Чыгірынскую царкву Быхаўскага павета (цяпер Кіраўскі раён) Магілёўскай вобласці.
У 1929 годзе судзімы Клічаўскі народным судом за «хаджэньне па малітвах» і па суду апраўданы. Арыштаваны 17 ліпеня 1937 г. Кіраўскім РА НКУС БССР за «агітацыю, накіраваную супраць калгаснага будаўніцтва». На момант арышту пражываў у вёсцы Чыгірынка. Пастановай пасяджэньня тройкі НКУС БССР ад 7 жніўня 1937 г. асуджаны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. З лагераў не вярнуўся. Далейшы лёс невядомы.
Рэабілітаваны 26 красавіка 1989 года пракуратурай Магілёўскай вобласьці на падставе Указа Прэзідыюма Вярхоўнага Савета СССР ад 16.01.1989 г. «Аб дадатковых мерах па аднаўленьні справядлівасьці ў дачыненьні ахвяр рэпрэсій, якія мелі месца ў перыяд 30-40-х і пачатку 50-х гадоў». Асабовая справа Ц.-Б. № 9794 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобласьці.