У дзве змены сеюць яравыя зерневыя культуры ў ААТ «Валевачы»
Веснавая пасяўная кампанія на Чэрвеньшчыне набрала хаду. Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу ўчарашняга дня, яравыя зерневыя на палетках гаспадарак займалі ўжо 4367 гектараў, што складае 40 працэнтаў ад неабходнага.
![У дзве змены сеюць яравыя зерневыя культуры ў ААТ «Валевачы»](http://www.21.by/pub/news/2018/04/1524558983322547.jpg)
Злева — галоўны аграном Станіслаў Шчасюк, механізатар на сяўбе Руслан Бут і аграном-хімік Яўген Чарапавіцкі
У адкрытым акцыянерным таварыстве “Валевачы” пасеялі больш паловы збажыны. Яравы зерневы клін тут – адзін з самых вялікіх у раёне – 1077 гектараў. Карэкціроўка планаў веснавых палявых работ, якая адбылася з-за позняга надыходу вясны, патрабуе ад земляробаў максімальнай самааддачы і засяроджанасці.
![У дзве змены сеюць яравыя зерневыя культуры ў ААТ «Валевачы»](http://www.21.by/pub/news/2018/04/1524558983405798.jpg)
Механізатар на падрыхтоўцы глебы Аляксандр Аўчыннікаў
– Штовечар на аператыўнай нарадзе аналізуем зробленае, вызначаемся з аб’ёмам работ на наступны дзень, каб з шасці гадзін раніцы тэхніка без затрымак пайшла ў поле, – распавядае галоўны аграном ААТ “Валевачы” Станіслаў Шчасюк.
– На сяўбе задзейнічаны механізатары Руслан Бут на “МТЗ-3022” з сеялкай “АПП-6Д”, Сяргей Гірынскі на “Фэндзе” з камбінаваны пасяўным глебаапрацоўчым агрэгатам “Рабэ”, а таксама Сяргей Хлебародаў і Уладзімір Пачасуй на “МТЗ-2022” з сеялкай “Ферабокс”, якія працуюць пазменна: з шасці раніцы да чатырох дня і з чатырох да гадзіны ночы. Разлічваем, што праца ў дзве змены дасць нам магчымасць адсеяцца своечасова.
![У дзве змены сеюць яравыя зерневыя культуры ў ААТ «Валевачы»](http://www.21.by/pub/news/2018/04/1524558983431886.jpg)
Механізатар Уладзімір Пачасуй (справа) у другой палове дня мяняе Сяргея Хлебародава, які шчыраваў на сяўбе з раніцы
Зазумела, што акрамя тэмпаў сяўбы дбаем і пра яе якасць. Кантроль на выкананнем тэхналогіі ўскладзены на спецыялістаў агранамічнай службы, якія замацаваны за сеялкамі.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара