Даследчыкі з Любкаўшчыны выступаюць у Мінску
У Мінску сабраліся фіналісты конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Сярод іх – па добрай традыцыі – і прадстаўнікі моладзі Стаўбцоўшчыны.
Пуцёўку для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе гэтага прэстыжнага конкурсу БРСМ заваяваў даследчыцкі тандэм у складзе дзесяцікласнікаў Любкаўшчынскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Руслана Шэракова і Дзмітрыя Шкоды (кіраўнік – настаўнік хіміі і біялогіі Т. М. Клімовіч). Іх праект прысвечаны развіццю актуальнай і перспектыўнай хімічнай тэхналогіі, а менавіта атрыманню магнітных сарбентаў ва ўмовах школьнага кабінета хіміі, вывучэнню іх уласцівасцяў. Экспертнае журы звярнула ўвагу на тэарэтычную значнасць гэтага праекта, а таксама на практычную магчымасць выкарыстання атрыманых у выніку даследчай працы даных.
Пакуль маладыя людзі прэзентуюць свой праект у фінале конкурсу, ёсць сэнс нагадаць, што ў 2015 годзе дайшла да самага высокага, рэспубліканскага, узроўню выпускніца гэтага ВПК Анастасія Навуменка (і таксама яе кіраўніком была Т. М. Клімовіч). Яе ідэя была звязана з рэгенерацыяй срэбра. У 2016 годзе эстафету ад Анастасіі падхапілі Руслан Шэракоў і Дзмітрый Шкода. Адразу яны распрацоўвалі тэму цыгарэтных акуркаў як інгібітараў карозіі металаў, з якой выступілі на абласным этапе конкурсу «100 ідэй для Беларусі», а затым даследчыцкі дуэт зацікавіўся магнітнымі сарбентамі. У лістападзе 2017 года хлопцы прадставілі свой праект у Клецку, на рэгіянальным этапе конкурсу, затым атрымалі права паўдзельнічаць у абласным этапе ў Нясвіжы, і вось цяпер – ганаровае фінальнае выступленне ў Мінску.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ