Памежнікі затрымлівалі польку, якая ратавала сабаку і апынулася ў Беларусі

Фота: http://gpk.gov.by
Беларускія памежнікі затрымалі грамадзянку Польшчы, якая ратавала сабаку і апынулася ў нашай краіне. 31-гадовая жанчына пераплыла раку Заходні Буг і парушыла дзяржаўную мяжу. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, здарэнне адбылося 20 красавіка. Польскія памежнікі праінфармавалі беларускіх калег, што жанчына магла нелегальна перайсці мяжу. Бераг ракі абследавала трывожная група, якая і знайшла парушальніцу.
Жанчына распавяла, што ад яе ўцёк сабака, які апынуўся ў Заходнім Бугу. Яна кінулася за ім і спрабавала выцягнуць жывёлу з вады. Аднак польку падхапіла моцная плынь і аднесла яе на беларускі бок ракі.
Грамадзянцы Польшчы аказалі неабходную дапамогу. Пасля складання дакументаў аб парушэнні рэжыму мяжы і правіл знаходжання, жанчыну адправілі на радзіму.