У Віцебскім раёне трактарыст наехаў сеялкай на свайго калегу
23.04.2018 19:01
—
Разное
Фота: ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама.
У Віцебскім раёне трактарыст наехаў сеялкай на свайго калегу. Трагічнае здарэнне адбылося 23 красавіка каля 13-й гадзіны на полі каля вёскі Задуброўе.
Як інфармуе БЕЛТА, абодва трактарысты, задзейнічаныя ў сельгаспрацах, пасля абеду пайшлі да сваіх трактароў. Адзін з іх, 36-гадовы, сеў за руль і пачаў рух заднім ходам. Другі мужчына паказаў калегу, каб той спыніўся. Той так і зрабіў, але пасля паехаў прама і не заўважыў, што трактарыст ужо знаходзіўся ў іншым месцы — апынуўся перад сеялкай. Яе кола праехала па ім. 51-гадовы мужчына памёр на месцы ад атрыманых траўмаў.
На месца здарэння з Віцебска выязджалі следчыя, эксперты, прадстаўнікі Дэпартамента дзяржінспекцыі працы. Высвятляюцца ўсе абставіны здарэння.