Пра небяспеку не думалі. Да дня Чарнобыльскай трагедыі

Источник материала:  
23.04.2018 — Разное

9 мая 1986 года, у той час, калі жыхары Петрыкава ішлі на святочны парад, Пётр Багдановіч разам з калегамі Віктарам Чорным, Валерыем Шабалтасам і Васілём Жукаўцом выехалі ў пяцідзённую камандзіроўку ў Нараўлянскі раён. Куды едуць і што іх там чакае, ведалі павярхоўна. Але добра ўсведамлялі, што быць там, дзе здарылася бяда, куды выдадзена накіраванне, – іх доўг.

У Нароўлі атрымалі размеркаванні. Пётр Багдановіч – на патруляванне адселеных вёсак, Валерый Шабалтас – на пункт дэзактывацыі на прапускным пасту з зоны адсялення, астатнія – у спецпадраздзяленне ў самім горадзе. Фактычна ў зону адсялення трапіў толькі Пётр Сцяпанавіч.

Пра небяспеку не думалі. Да дня Чарнобыльскай трагедыі

Маштабы трагедыі сталі зразумелымі толькі там, на месцы. Пустыя вёскі, цішыня, дзе нават птушкі не падавалі голасу, наводзілі жах і пачуццё нястрымнай трывогі. Тэрмінова эвакуяваныя, людзі спадзяваліся, што дзень-другі і будуць дома. Зачынялі пад замок у хатах сабак і катоў. І цяпер тыя крычалі і вылі, паміраючы з голаду.

– Нас размясцілі ў гасцініцы ў Нароўлі, – успамінае Пётр Сцяпанавіч. – Па вечарах прыцягвалі да аховы парадку, мяне – на патруляванне дарог. За вечар спынялі па 13-15 вадзіцеляў у нецвярозым стане. Казалі, што гарэлка выводзіць з арганізма радыенукліды, вось народ і піў. Па начах патрулявалі зоны адсялення. На маршруце былі пазначаны вёскі і месцы, дзе ёсць маёмасць, якую неабходна зберагчы ад марадзёраў. У асноўным гэта была тэхніка на мехдварах калгасаў. Яе вывезці не паспелі, але спрабавалі захаваць. Дастаткова многа было тых, хто квапіўся на яе. Даводзілася лавіць тых, хто поначы здымаў патрэбныя ім дэталі з трактароў.

Патрулявалі вёскі. У адной з іх засталася састарэлая сям’я. У абавязкі нарада міліцыі ўваходзіла наведваць гэтых людзей, прапанаваць выехаць, сачыць за іх бяспекай. Пётр Багдановіч прызнаецца, што тыя старыя, нават тады, корпаючыся на сваім агародзе, многае памянялі ў яго свядомасці, далі зразумець, наколькі моцныя карані чалавека на яго роднай зямлі. Казалі: “Не ганіце нас, дзеткі. Нікуды мы са сваёй хаты не паедзем, нікому нідзе мы не патрэбныя, нідзе нас не чакаюць”. І ўсё імкнуліся пакарміць “салдацікаў” – міліцыянеры былі апранутыя ў салдацкую форму.

Едучы ў патруль, мужчыны бралі з сабою ежу толькі ў выглядзе кансерваў, спадзеючыся, што метал хоць неяк засцеражэ прадукты ад радыяцыі. Сэрца замірала, калі ў пунктах, дзе патрэбна было дазіметрамі вымерваць узровень забруджвання, стрэлка прыбора зашкальвала. Адным з такіх пунктаў быў край раёна за дзесяць кіламетраў ад электрастанцыі. Не, панікі не было, але ўвесь час было адчуванне трывогі, напружання. Нават думак не было пра тое, што іх магло там не быць, што не ўсё ішло, як трэба.

Камандзіраваным выдалі агульнаахоўныя касцюмы, рэспіратары, але імі амаль не карысталіся – спякота стаяла. Ведалі, што іх форму штодзень павінны ўтылізаваць і выдаваць новую. Відаць, было не да таго, былі задачы больш важныя. Раніцай пралі адзенне, ветрылі і ўвечары зноў апраналі, заступалі на пост, прыняўшы жменю таблетак.

– Гэта была агульная бяда, таму страху за сябе не было, – тлумачыць той стан мужчына. – Трэба было аб’яднацца і рабіць агульную справу. Першыя заезды нашых калег у тую зону былі 1-3 дні. Наша змена – 5-6 дзён. Потым працавалі і па паўмесяца, месяц. У першыя дні пасля аварыі ўзровень радыяцыі быў такім, што дзень-два і чалавек атрымліваў крытычна высокую дозу апраменьвання. Ужо потым гадамі палохала думка: а раптам з’явяцца наступствы. Нездарма потым нам было даступна многа льготаў: штогадовае санаторнае лячэнне, бясплатныя медыкаменты, дадатковыя два тыдні да водпуску. Многія з маіх калег прайшлі праз тое выпрабаванне. З аддзялення ДАІ былі таксама камандзіраваныя ў чарнобыльскую зону ў розныя тэрміны Іван Занкевіч і Уладзімір Савіцкі. Але мы ўсе былі роўныя, тыя, хто выканаў свой абавязак там, і тыя, хто замяняў нас тут, нягледзячы на празмерныя працоўныя нагрузкі.

У маі будзе дзесяць гадоў, як Пётр Багдановіч працуе ў лясгасе інжынерам па паляўнічай гаспадарцы. Да гэтага перад пенсіяй шэсць гадоў узначальваў аддзяленне ДАІ. Што жыццё прывядзе яго ў лес, не сумняваўся. Бацькі яго ў роднай Астражанцы Лельчыцкага раёна працавалі ў лясніцтве. Сын з маленства дапамагаў ім. Таму і кажа: “Мой лёс – гэта дарога і лес”.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←Премьер-министр Армении Серж Саргсян подал в отставку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика