У творчасці педагогі лепшыя
Напрыканцы лютага ў Мазыры адбыўся абласны этап рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2018”. Петрыкаўшчына на ім была прадстаўлена вакальным дуэтам педагогаў сярэдняй школы № 1 Ірыны Молінай і Маргарыты Жарабцовай, аўтарам і выканаўцам сваіх вершаў з Капаткевіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Надзеяй Якімавай і тэатрам моды Петрыкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Надзеі Слабадзянюк і Жанны Пінчук.
Сярод 120 удзельнікаў нашы зямлячкі былі на вышыні, і кожнае іх выступленне атрымала ўхвальныя словы членаў журы. Пра гэта ў тым ліку цяпер можна прачытаць на старонках Весніка Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі “Мой прафсаюз” і на сайце гэтага СМІ.
Калектыў раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з калекцыяй адзення “Подых рэтра” стаў пераможцам у намінацыі “Арыгінальны жанр”, узняўшыся на п’едэстале вышэй калектываў Светлагорскага і Жлобінскага цэнтраў творчасці.
29 сакавіка сваю калекцыю адзення Цэнтр творчасці прадставіў на гала-канцэрце рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі-2018” у Палацы культуры прафсаюзаў у Мінску. Адтуль нашы мадэльеры і іх мадэлі прывезлі дыплом фіналіста ў намінацыі “Арыгінальны жанр”.
Днямі з рабочай паездкай у нашым раёне быў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Мікалай Філіпцоў. Ён наведаўся ў Цэнтр, каб пераможцам уласна ўручыць дыплом і грашовую прэмію ад абласнога камітэта. Мікалай Акімавіч асабіста падзякаваў за актыўны і дзейсны ўдзел у конкурсе кожнай з удзельніц калектыву. Пацікавіўся дасягненнямі і магчымасцямі цэнтра. Не засталіся ў баку ад яго ўвагі і ўмовы працы супрацоўнікаў установы дадатковай адукацыі – забеспячэнне працоўным абсталяваннем, арганізацыя месца для адпачынку.
Адной з прапаноў старшыні абласнога галіновага прафсаюза было выступленне “Тэатра моды” на абласной канферэнцыі працаўнікоў адукацыі ў жніўні сёлета.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота ok-edn.gomel.iptv.by.