Пракурор узбудзіў справу
Пракуратура раёна ўдзяляе пільную ўвагу пытанням прафілактыкі злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін.
Згодна з крымінальным заканадаўствам, за наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання (арт. 153), катаванні (арт. 154), пагрозу забойствам, нанясеннем цяжкіх пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці (арт. 186) прадугледжана адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі да пяці гадоў.
Пракурор у адпаведнасці з часткай 5 артыкула 26 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса мае права ўзбудзіць крымінальную справу аб злачынствах, якія прадугледжаныя артыкуламі 153, 154, 186 КК, і ў выпадку адсутнасці заявы ад асобы, якая пацярпела, калі гэтыя злачынствы закранаюць інтарэсы дзяржавы і грамадства або ўчынены ў адносінах да асобы, што знаходзіцца ў службовай і іншай залежнасці ад абвінавачванага ці па якіх іншых прычынах не здольна самастойна абараніць свае правы і законныя інтарэсы.
Так, у жніўні 2017 года беспрацоўны жыхар Стоўбцаў, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, у ходзе сваркі са сваёй 17-гадовай дачкой размахваў перад ёй і накіроўваў у яе бок завостраны канец тачылкі для нажоў, пры гэтым выказваў пагрозы нанясення цялесных пашкоджанняў і забойства. Калі пацярпелая выхапіла з яго рук тачылку, ён замяніў яе кухонным нажом і ўжо з нажом у руках працягваў пагрозы дачцэ.
Дзяўчына ўспрымала дзеянні бацькі як рэальную пагрозу свайму жыццю і здароўю, аднак не пажадала прыцягваць яго да крымінальнай адказнасці.
З улікам абставін здарэння, а таксама таго, што пацярпелая з’яўляецца непаўналетняй і з-за свайго ўзросту не здольна самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы, а таксама знаходзіцца ў матэрыяльна залежным становішчы ад бацькоў, пракурорам раёна з мэтай пазбегнуць новых падобных злачынстваў у верасні 2017 года была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 186 КК.
У снежні мінулага года ўступіў у сілу прыгавор суда раёна, згодна з якім абвінавачванаму прызначана пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ тэрмінам на 200 гадзін.
Юлія ЧАБАН, памочнік пракурора раёна