7 гектараў маладога лесу. Як смаргонцы саджалі елку і вольху
Раней гэты зямельны ўчастак не выкарыстоўваўся для сельскагаспадарчых патрэбаў. Знаходзіцца ён паблізу ляснога масіву, за вёскай Беразнякі, якая месціцца непадалёку ад Васюкоў.
Работа па пасадцы дрэўцаў спорылася, спрыяў гэтаму і цёплы сонечны дзень. Праз крыху больш чым гадзіну групы людзей, якія саджалі лес, былі ўжо далёка ад пачатку зямельнага ўчастка. Як адзначыў памочнік ляснічага Сольскага лясніцтва Віталь Вішняк, за гэты час добраахвотныя памочнікі пасадзілі саджанцы на плошчы каля 3 гектараў.
У абедзенны перапынак усе, хто саджаў лес, наведалі размешчаны непадалёку вальер з аленямі, прывезенымі нядаўна з Белавежскай пушчы. Дзікія жывёліны знаходзяцца на каранціне, прывыкаюць да новага месца пражывання. Праўда, адна аленіха ручная, яна ахвотна ідзе да людзей і дазваляе сябе пагладзіць. Таму не абыйшлося без фотасесій.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.