Мадэрнізацыя і эканомія Стоўбцыгаза

Источник материала:  
21.04.2018 — Разное

Мадэрнізацыя  і эканомія Стоўбцыгаза

Філіял ВУ «Стоўбцыгаз» заняў першае месца сярод вытворчых упраўленняў у спаборніцтве па эканоміі энергарэсурсаў, сыравіны і матэрыялаў, зніжэнні выдаткаў УП «Мінскаблгаз» па выніках работы за 2017 год.

Гэтая навіна паслужыла нагодай для інтэрв’ю з дырэктарам філіяла Іванам ШПІЛЕЎСКІМ. За дасягненне высокіх паказчыкаў упраўленне ўзнагароджана Ганаровай граматай прадпрыемства.  

– Іван Вітольдавіч, прыміце віншаванні ў сувязі з высокай адзнакай работы. Для вас гэта стымул шукаць новыя спосабы развіцця філіяла.

– Дзякуй. Для нас пры бесперабойным і безаварыйным забеспячэнні спажыўцоў прыродным і звадкаваным газам не менш важная задача – звядзенне да мінімуму выдаткаў. Па выніках спаборніцтва ў 2016 годзе мы былі прызёрамі (занялі другое месца). Хоць увесь час імкнуліся не зніжаць пазіцый і не падвесці кіраўніцтва Мінскаблгаза, прысваенне першага месца стала для нас нечаканасцю. Узнагароджанне праходзіла падчас прафсаюзнай канферэнцыі аб’яднанай арганізацыі прафсаюза УП «Мінскаблгаз» з удзелам генеральнага дырэктара ДВА «Белпалівагаз» Л. І. Рудзінскага.

– Пытанні эканоміі рэсурсаў – дзяржаўнага маштабу. І гэта пацвярджаецца рознымі нарматыўнымі дакументамі, у тым ліку патрабаваннямі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3. Як яны рэалізуюцца газавікамі на практыцы?

– Агульны вынік складаецца з комплексу паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, рэалізацыі мэтавай праграмы па паляпшэнні ўмоў працы і аховы працы, пашырэння паслуг, у тым ліку па аздараўленні дзяцей, на базе нашага структурнага падраздзялення – аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі, а таксама са зладжанай работы інжынерна-тэхнічных работнікаў усіх службаў. Ва ўпраўленні сістэма дзейнасці пабудавана так, што патрабаванні адносна бяспекі і эканоміі, скарачэння выдаткаў на сваім рабочым месцы адчувае кожны работнік – ад рабочага да кіраўніка. Таму ў нас мэтавы паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 5,9 працэнта пры заданні мінус 1,5 працэнта. Мы дабіліся, што зменшана выкарыстанне звадкаванага і прыроднага газу для ўласных патрэб, страты прыроднага газу і т. п.

Самае важнае ў тым, што Стоўбцыгаз – сучаснае прадпрыемства, якое абслугоўвае тры раёны (Стаўбцоўскі, Клецкі і Нясвіжскі) і сістэматычна, з году ў год, рэалізуе сур’ёзныя планы па тэхпераўзбраенні і павышэнні якасці абслугоўвання, будаўніцтве газаправодаў, газіфікацыі і т. п.

– У нашай газеце мы паведамлялі, што ў мінулым годзе на Стаўбцоўшчыне былі газіфікаваны аграгарадок Рочавічы і вёска Тулёнка.

– Да вяскоўцаў прыйшоў прыродны газ, і гэта ўспрымаецца як належнае. У цэлым намі праводзіцца шмат работы, якая не заўсёды прыкметная для старонняга. Да прыкладу, ва ўпраўленні на 100 працэнтаў тэлемеханізаваны газарэгулятарныя пункты і ўжо на 50 працэнтаў – шафавыя, на 30 працэнтаў – станцыі катоднай абароны. Мінскаблгазам закуплена сучаснае лінейнае абсталяванне, якое дазваляе ажыццяўляць урэзкі, рамонт збудаванняў на газаправодах без зніжэння ціску на сетках і, адпаведна, без адключэння спажыўцоў. З яго прымяненнем у нашым упраўленні на працягу месяца вяліся работы па замене маральна і фізічна састарэлых задзвіжак на сучасныя шаравыя краны. З 2016 года мы выкарыстоўваем перасоўны ШРП. Для нашага ўпраўлення набыта перасоўная газазаправачная станцыя (пад прыродны газ з высокім ціскам), пакуль адзіная такая ў рэспубліцы. Выкарыстоўваць яе плануецца па ўсёй Мінскай вобласці пры правядзенні планавых работ на сетках без спынення газазабеспячэння і акурат там, дзе гэта нельга зрабіць з прымяненнем «стоп-сістэмы». Тэхнічнае абслугоўванне газаправодаў праводзім з дыстанцыйнымі дэтэктарамі ўцечкі метану.

Ідзе абнаўленне парку аўтамабіляў, аснашчэнне іх відэарэгістратарамі і GPS-навігацыяй. З аўтаномнымі відэарэгістратарамі выходзяць на заяўкі насельніцтва слесары аварыйна-дыспетчарскай службы і службы ўнутрыдомавага газавага абсталявання. Заданне ім мы можам аператыўна перадаць праз інтэрнэт. Служба ўліку газу перайшла на сістэму АРЫП у разліках з абанентамі. Укараняем электронны дакументаабарот. Усё гэта служыць эфектыўнаму і эканомнаму выкарыстанню рабочага часу і матэрыяльных рэсурсаў.

Аб’ект нашай гордасці – аварыйна-дыспетчарская служба, дзе ў выніку мадэрнізацыі ўкаранёны сучасныя тэхналогіі і сродкі тэлекамунікацыі. Адмысловая праграма «Панарама», камеры відэаназірання дазваляюць у аўтаматычным рэжыме бачыць на экране параметры функцыянавання ўсіх газаправодаў, ГРП і ШРП, што знаходзяцца на нашым абслугоўванні, кантраляваць выкарыстанне тэхнікі, сачыць за тэрыторыяй вытворчай базы. Такім чынам, кантроль ажыццяўляецца на ўзроўні кіраўніцтва ўпраўлення і Мінскаблгаза. Па ўсіх кірунках мы не стаім на месцы, ідзём у нагу з часам. Сродкі ўкладваюцца значныя, але яны хутка акупляюцца.

– Вы працуеце над планамі 2018 года. Што ў іх найбольш значнае?

– Да канца бягучага года павінна быць завершана рэканструкцыя будынка Стоўбцыгаза з будаўніцтвам прыбудовы і адкрыццём у ёй сучаснага цэнтра для абслугоўвання насельніцтва. У гэтым цэнтры плануецца аказваць на самым высокім інфармацыйна-тэхнічным узроўні комплекс паслуг – ад афармлення заяўкі да прадастаўлення інфармацыі аб разліках за газ, выдачы даведак, правядзення інструктажу і т. п.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Галіна Ксеневіч, дырэктар Стоўбцыгаза Іван Шпілеўскі і начальнік планава-эканамічнай службы Юлія Макейчык; у аварыйна-дыспетчарскай службе нясе дзяжурства прыёмшчыца заказаў Святлана Ярмола.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

←Работники Свислочского района газоснабжения работают на удалении кустарниковой растительности

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика