Раённы злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху
У сярэдзіне красавіка на базе сярэдняй школы № 1 райцэнтра прайшоў раённы злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху. Яго ўдзельнікамі сталі вучні СШ № 1 і № 2, Лужкаўскай, Більдзюжскай, Германавіцкай СШ і Іёдскай ДС-СШ. Мэта, якую ставілі перад сабой арганізатары мерапрыемства — аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і аддзяленне ДАІ РАУС — грунтоўнае авалодванне дзецьмі і падлеткамі ведаў і навыкаў бяспечных паводзінаў пры знаходжанні на праезнай частцы.
Пачаткам злёту паслужыла ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства ў актавай зале навучальнай установы пад гукі дзяржаўнага гімна. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся начальнік аддзялення ДАІ РАУС В. А. Міласердаў і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама К. Р. Міхнёнак. Яны пажадалі хлопчыкам і дзяўчынкам умела праявіць свае навыкі ў тэарэтычных і практычных выпрабаваннях.
Конкурсная праграма пачалася з агітацыйна-мастацкага прадстаўлення, што спалучала ў сабе харэаграфію, вершаваную і песенную формы прапаганды бяспекі дарожнага руху. Тут лепшым аказалася выступленне каманды Германавіцкай СШ. Пытанні па аказанні першай медыцынскай дапамогі пацярпелым пры дарожна-транспартным здарэнні — наступнае конкурснае заданне, у якім аднолькавую колькасць балаў набралі юныя інспектары дарожнага руху з Германавіцкай СШ, Іёдскай ДС-СШ і СШ № 1 райцэнтра.
Адным са складанейшых этапаў праграмы спаборніцтваў стаў тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху. Яго школьнікі здавалі на камп’ютары. Перамогу ў гэтым выпрабаванні заваявала каманда сярэдняй школы № 2. У форме хатняга задання прайшоў конкурс газет каманд-удзельніц, дзе кожная з іх па-свойму раскрыла праблему актуальнасці бяспекі дарожнага руху. Члены журы ў гэтым конкурсе аддалі перавагу афармленню і зместу газеты вучняў Германавіцкай сярэдняй школы.
Заключным выпрабаваннем стала пераадоленне на веласіпедзе паласы перашкод з дзесяці элементаў — “вароты”, “змейка” і іншых. Хлопчыкі і дзяўчынкі з заўважным хваляваннем праходзілі паласу перашкод, раз-пораз дапускаючы невялікія памылкі. Роўную колькасць балаў тут набралі два лідары — Германавіцкая СШ і Шаркаўшчынская СШ № 2. Па ўмовах конкурсу журы вызначыла пераможцаў дадзенага этапа ў асабістым заліку. Сярод хлопчыкаў перамогу заваяваў Мікіта Падоба (Іёдская ДС-СШ), а сярод дзяўчынак — Дар’я Сямчонак (Германавіцкая СШ). Дарэчы, вучні апошняй навучальнай установы і школьнікі з СШ № 2 раздзялілі паміж сабой першае месца на гэтым этапе.
Пры падвядзенні агульных вынікаў злёту-конкурсу членамі журы на трэцюю прыступку п’едэстала ўзняліся вучні з Шаркаўшчынскай СШ № 2, другое месца заваявала каманда СШ № 1 гарадскога пасёлка. А пераможцамі сталі юныя інспектары дарожнага руху Германавіцкай сярэдняй школы.
Прыемны сюрпрыз чакаў удзельнікаў злёту ў заканчэнні мерапрыемства. Пасля ўручэння адпаведных дыпломаў пераможцам і прызёрам спаборніцтва ўсе ўдзельнікі атрымалі ў падарунак святлоадбіваючыя элементы (флікеры), а таксама салодкія пачастункі.
— Падарункі прадаставіў раённы аддзел унутраных спраў пры падтрымцы Шаркаўшчынскага кансервавага завода і асабіста яго дырэктара С. М. Макаранкі, — паведаміў начальнік аддзялення ДАІ РАУС В. А. Міласердаў. Ён шчыра падзякаваў канкурсантам за відовішчнае і захапляльнае мерапрыемства, пажадаў і надалей прытрымлівацца правілаў дарожнага руху, быць станоўчым прыкладам для іншых грамадзян.
Сяргей РАЙЧОНАК.