Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Малдову
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18-19 красавіка знаходзіўся з афіцыйным візітам у Малдове. Парадак дня візіту ўключаў сустрэчы і перагаворы з Прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам Малдовы, у ходзе якіх усебакова абмеркаваны розныя аспекты міждзяржаўных адносін.
Перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Ігарам Дадонам прайшлі ў фармаце сам-насам і пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Галоўнай іх тэмай стала развіццё беларуска-малдаўскага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах, у тым ліку на пляцоўках Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Аляксандр Лукашэнка і Ігар Дадон наведалі інстытут раслінаводства «Парумбень», дзе прынялі ўудзел у цырымоніі «Дзень поля», прысвечанай пачатку пасяўной кампаніі.
На перагаворах кіраўніка беларускай дзяржавы з прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам разгледжаны пытанні пашырэння эканамічных сувязей у розных галінах, уключаючы сельскую гаспадарку, харчовую прамысловасць, вытворчую кааперацыю, інфраструктурныя праекты. Асобная ўвага ўдзелена рабоце ўжо існуючых і стварэнню новых сумесных прадпрыемстваў, развіццю супрацоўніцтва ў энергетыцы, гуманітарнай сферы і праваахоўнай дзейнасці. Па выніках сустрэчы падпісаны шэраг міжнародных дакументаў.У гэтыя ж дні ў Кішынёве прайшоў беларуска-малдаўскі форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. У ім прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі бізнес-колаў, але і кіраўніцтва гарадоў і раёнаў дзвюх краін.
Лукашэнка: развіццю супрацоўніцтва Беларусі і Малдовы нішто не перашкаджае
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што Беларусь вырабляе тыя тавары, якія патрэбны ў Малдове. Яе прадукцыя таксама запатрабавана ў Беларусі.
«Нашаму супрацоўніцтву нічога не перашкаджае», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што, наведваючы былыя рэспублікі Савецкага Саюза, нідзе не адчувае такой настальгіі, як у Малдове. «Праязджаючы па цэнтральнай вуліцы Кішынёва, я больш за ўсё хацеў бы прайсці па ёй пяшком, як некалі было ў савецкія часы. Я прызнаюся шчыра (гэта не для піяру нейкага, таму што я ў Малдове): лепшай зямлі я не бачыў і не сустракаў. Тут добрыя людзі, зямля, вельмі добры клімат», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Я прыехаў сюды як чалавек, які любіць гэты край, які тут бываў вельмі шмат разоў. І я не магу пазбавіцца ад той думкі, што тут жывуць блізкія людзі, прама скажу — нашы людзі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Ігар Дадон адзначыў, што Малдова лічыць Беларусь сваім самым надзейным партнёрам. «Таму ваш візіт у Малдову вельмі важны. Дзякуй вялікі, што прынялі наша запрашэнне», — сказаў кіраўнік малдаўскай дзяржавы.
Малдова зацікаўлена пераняць вопыт Беларусі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і сацсферы
Аб гэтым Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у пашыраным складзе.
«Для большасці грамадзян Малдовы тое, што адбываецца ў Беларусі, вельмі цікава. Не ўтаю, што яны хацелі жыць не горш, чым у Беларусі. У вас вельмі дынамічна развіваецца краіна, і нам цікава пераняць вопыт у розных сегментах: і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці, і ў сацыяльнай сферы ў вас вельмі шмат праектаў», — сказаў Ігар Дадон.
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць дружалюбных адносін з Малдовай. «Не буду пералічваць нашы праекты, мы нямала зрабілі ў былыя часы і асабліва цяпер. Вы для нас тое, што нам патрэбна ў гандлёва-эканамічных адносінах: вырабляеце ўсё тое, чаго няма ў Беларусі. Мы родныя людзі (я гэтага ніколі не забываю і не забуду), ды і вам, якія б у вас ні былі палітычныя перавагі, я разумею, што беларусы не чужыя людзі. У нас няма ніякіх геапалітычных, стратэгічных інтарэсаў тут, акрамя дружалюбных. Таму, улічваючы тое, што мы блізкія людзі, і тое, што вы вырабляеце ўсё, што нам трэба, мы купім у вас. А мы вырабляем усё тое, што патрэбна вам», — адзначыў Прэзідэнт.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што беларускі бок гатовы не толькі гандляваць, але і ствараць сумесныя прадпрыемствы, каб вырабляць неабходныя для развіцця Малдовы тавары.
Лукашэнка пра ўзаемадзеянне з Малдовай: у нас няма закрытых тэм для супрацоўніцтва
Беларусь гатова супрацоўнічаць з Малдовай па ўсіх напрамках, якія цікавыя гэтай краіне, заявіў журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.
«Хачу сказаць проста і даступна, няхай нас пачуюць і ў Амерыцы, і ў Еўрасаюзе, і на Усходзе: у нас няма закрытых тэм для супрацоўніцтва. Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць, пачынаючы ад ВПК (калі вам гэта патрэбна) і заканчваючы любой грамадзянскай прадукцыяй, сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова дзейнічаць максімальна хутка, калі да гэтага будуць гатовы малдаўскія партнёры. «Мы гатовы настолькі, наколькі гатовы вы. Давайце не будзем траціць час», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што Беларусі і Малдове не трэба замыкацца на звычайным гандлі, а трэба ствараць сумесныя прадпрыемствы. Работа ў гэтым напрамку вядзецца ўжо даўно, аднак яе трэба актывізаваць. «Больш таго, мы падрыхтуем вам спецыялістаў», — дадаў Прэзідэнт.
Малдова разлічвае на адкрыццё авіярэйса Мінск-Кішынёў у бліжэйшы час
Аб гэтым Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон заявіў журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
«Спадзяёмся ў бліжэйшы час адкрыць прамы рэйс паміж Мінскам і Кішынёвам, што дасць дадатковы імпульс для развіцця нашых адносін», — сказаў Ігар Дадон.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Малдова стварылі нарматыўную базу для развіцця двухбаковых адносін ва ўсіх сектарах.
«Беларусь уваходзіць у дзясятку камерцыйных партнёраў Малдовы. У нас шмат сумесных прадпрыемстваў. Мы ўжо збіраем тут беларускія трактары, тралейбусы. Спадзяюся, што мы будзем у бліжэйшым будучым збіраць і аўтобусы», — адзначыў ён.
Перспектыўным Ігар Дадон лічыць і ўдзел беларускіх кампаній у інфраструктурных праектах у Малдове, у тым ліку ў будаўніцтве дарог. «Беларускія дарогі па якасці адны з самых лепшых у свеце. Для нас было б вельмі цікава і важна прымяніць гэты вопыт і ў Малдове», — падкрэсліў малдаўскі лідар.
Лукашэнка і Дадон на трактарах засеялі поле кукурузы пад Кішынёвам
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон наведалі інстытут раслінаводства «Парумбень», дзе прынялі ўдзел у цырымоніі «Дзень поля», прысвечанай пачатку пасяўной кампаніі.
Прэзідэнты наведалі выстаўку сучаснай беларускай сельгастэхнікі, абмеркавалі з кіраўніцтвам інстытута развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы раслінаводства, а затым на трактарах пасадзілі новы ўраджай кукурузы.
Прэзідэнт Малдовы выказаў упэўненасць, што ўраджай будзе добрым. Ён паабяцаў інфармаваць беларускі бок аб тым, як расце гэта кукуруза, а восенню адправіць яе ў Беларусь. Ён выказаў удзячнасць за бязвыплатна пастаўленыя ў Малдову беларускія трактары.
«У кожнай вёсцы Малдовы, у кожным населеным пункце ёсць беларускі трактар. Ён самы надзейны, і наш народ да яго прывык. Яго ахвотна купляюць», — адзначыў малдаўскі лідар.
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Малдова будуць развіваць узаемадзеянне ў селекцыі насення кукурузы і іншых сельгаскультур. «Мы бачым новыя напрамкі для супрацоўніцтва, у прыватнасці гэтага цэнтра вучоных Малдовы і беларускіх вучоных, і гэта мяне радуе», — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, беларускі бок таксама прадоўжыць пастаўляць у Малдову сельскагаспадарчую тэхніку і развіваць сумесныя вытворчасці.
«Замыкацца на адных гандлёвых аперацыях нельга, трэба ўдасканальваць адносіны, ствараць сумесныя прадпрыемствы — і гэта яшчэ палова справы. Мы дамовіліся з прэзідэнтам аб тым, што мы будзем рыхтаваць кадры ў Малдове для вытворчасці такой тэхнікі: трактарнай, аўтамабільнай, збожжаўборачнай», — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Раней у інтэрв'ю БЕЛТА Ігар Дадон расказаў, што ідэя пасадзіць новы ўраджай разам з кіраўніком беларускай дзяржавы ўзнікла ў час адной з сустрэч з Аляксандрам Лукашэнкам у мінулым годзе. «Для мяне гэта было нечакана. Ведаю, што Аляксандр Рыгоравіч часта працуе на трактары. Я сам заканчваў аграрны ўніверсітэт, эканаміст у сельскай гаспадарцы па першай спецыяльнасці, нарадзіўся ў вёсцы, таму трактар бачыў і ездзіў на ім. Але апошнія пяць-шэсць гадоў я не кіраваў ім, таму давялося падрыхтавацца», — прызнаўся Ігар Дадон.
Галоўны напрамак дзейнасці інстытута раслінаводства «Парумбень» — селекцыя і насенняводства кукурузы, вытворчасць насення эліты і суперэліты, удасканаленне тэхналогій вырошчвання кукурузы і тытуню.
Паміж Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве, Палескім інстытутам раслінаводства НАН і інстытутам раслінаводства «Парумбень» Малдовы развіваецца супрацоўніцтва ў галіне селекцыі кукурузы. Складзена сумесная рабочая праграма па стварэнні гібрыдаў кукурузы сіласнага і зерневага напрамку.
Філіп: Беларусь і Малдову звязваюць не толькі дружалюбныя адносіны, але і прагматычныя праекты
Аб гэтым прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
«Нашы адносіны грунтуюцца на дружбе і дабраце. Але ў той жа час трэба сказаць, што нас звязвае не толькі сентыментальная дружба. Нашы адносіны яшчэ грунтуюцца на канкрэтных, прагматычных праектах», — адзначыў Павел Філіп.
Частка з іх ужо рэалізавана, а сёння бакі маюць намер дамовіцца па новых напрамках узаемадзеяння. «Вельмі часта простыя людзі, калі гаворыш пра двухбаковыя адносіны паміж дзяржавамі, не разумеюць, ім здаецца, што гэта такая абстрактная фраза. Але ў Кішынёве трэба толькі паглядзець у акно, і на вуліцах горада можна ўбачыць наш агульны прадукт — тралейбусы», — сказаў прэм'ер-міністр.
Павел Філіп з задавальненнем канстатаваў, што Беларусь і Малдова рэгулярна праводзяць сустрэчы на розных узроўнях, што дапамагае падтрымліваць і развіваць плённае супрацоўніцтва.
«Калі Малдове было цяжка, Беларусь нам дапамагла. Я гавару пра рынкі збыту. Таму хачу запэўніць вас, што мы ўмеем цаніць дружбу, і вы можаце разлічваць на нас», — заявіў ён.
У сваю чаргу Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што яшчэ ў савецкія гады Беларусь пастаўляла ў Малдову сваю прадукцыю. З цягам часу яна не страціла тут сваёй папулярнасці. «Нам проста з вамі супрацоўнічаць. Вы вырабляеце ўсё, што мы купляем. Мы вырабляем тое, што патрэбна вам. Нам не трэба канкурыраваць, нам патрэбны спалучэнне, дамоўленасці аб узаемных пастаўках прадукцыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што часта бываў у Малдове, у тым ліку ў час службы ў арміі, і заўсёды з цеплынёй успамінае гэтыя часы. «Калі я заплюшчваю вочы, бачу вялікі квітнеючы сад і ў ім у прыгожых дамах жывуць людзі. Гэта мае ўспаміны з савецкага часу», — прызнаўся ён.
У 2017 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Малдовай склаў $220,5 млн і ў параўнанні з 2016-м скараціўся на 3 працэнты. Аднак пры гэтым беларускі экспарт вырас амаль на 13 працэнтаў і дасягнуў $133,4 млн. Яго аснову склалі нафтапрадукты, цукар, трактары і седлавыя цягачы, лесаматэрыялы, кокс і бітум, плёнка з пластмас, шкловалакно. Малдова пастаўляла ў Беларусь віны, каньякі, сокі, агародніну, садавіну, гіпс, дываны і падлогавыя пакрыцці.
У Малдове дзейнічаюць больш за 60 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб'ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб'ютараў беларускіх прадпрыемстваў. У краіне створаны тры зборачныя вытворчасці: садова-вінаградарскіх трактароў «Беларус-921» Смаргонскага агрэгатнага завода, трактароў Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў, тралейбусаў «Белкамунмаш». Прапрацоўваецца арганізацыя вытворчасці ў Кішынёве аўтобусаў МАЗ.
Беларусі і Малдове трэба больш актыўна развіваць сумесныя прадпрыемствы і ствараць новыя — Лукашэнка
Кіраўнік дзяржавы згадзіўся з меркаваннем прэм'ер-міністра Малдовы, што краіны звязваюць не толькі сентыментальныя дружалюбныя адносіны, але і прагматычнае супрацоўніцтва. «І мы на гэтым шляху нямала зрабілі, гэта добры фундамент нашых адносін. Але заўсёды паўстае пытанне, а што далей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт перакананы, што краінам трэба больш актыўна развіваць сумесныя праекты, ствараць новыя прадпрыемствы, шукаць новыя напрамкі для супрацоўніцтва.
«Дзве тысячы ліфтаў, паводле даных вашага ўрада, трэба мяняць. Ліфты робяць у нас, прычым выйшлі з імі на касмічны ўзровень. Чаму мы не можам тут іх збіраць? Можам. Трэба аўтобусы — давайце будзем разам вырабляць», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, так Беларусь і Малдова выйдуць на новы ўзровень эканамічнага супрацоўніцтва. «Мы за гэта грошы з вас не бяром. Мы гатовы акрамя ўсяго іншага — і гэта галоўнае (не сумесныя прадпрыемствы, не тавар) — людзей навучыць. У вас з'явяцца новыя кадры і прадпрыемствы», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
У якасці прыкладу паспяховага супрацоўніцтва кіраўнік дзяржавы прывёў узаемадзеянне беларускіх вучоных з інстытутам раслінаводства «Парумбень», які ён наведаў з Ігарам Дадонам. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, вучоныя абедзвюх краін не проста выбудавалі надзейныя адносіны і актыўна развіваюць іх, але і заўсёды думаюць аб новых сумесных праектах. Гэта ўзаемавыгадна для дзвюх дзяржаў.
Беларусь і Малдова падпісалі дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах
Цырымонія адбылася па выніках перагавораў у Кішынёве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам.
Урад Беларусі і камерцыйны банк Moldova Agroindbank заключылі дагавор аб умовах выдачы крэдытаў для набыцця ў Малдове беларускіх тавараў.
Пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаны паміж Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз Беларусі і Міністэрствам юстыцыі Малдовы, Генеральнымі пракуратурамі, Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Міністэрствам аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны Малдовы.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі і Бюро міжэтнічных адносін Малдовы падпісалі праграму мерапрыемстваў па рэалізацыі міжурадавага пагаднення аб супрацоўніцтве па забеспячэнні правоў нацыянальных меншасцей.
Мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне энергаэфектыўнасці, аднаўляльнай энергіі і альтэрнатыўных відаў паліва заключылі Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі і Фонд энергаэфектыўнасці Малдовы.
Дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве падпісаны паміж акадэміямі навук дзвюх краін.
Шэраг дакументаў падпісалі кіраўнікі рэгіёнаў. Гомельскі аблвыканкам будзе развіваць гандлёва-эканамічнае і культурнае ўзаемадзеянне з Выканаўчым камітэтам аўтаномна-тэрытарыяльнага ўтварэння Гагаузія, Ганцавіцкі раён мае намер выбудоўваць адносіны з раёнам Леова па абмене групамі дзяцей для аздараўлення. Таксама заключылі пагадненне Жодзіна і Хынчэшць.
Малочнатаварны комплекс па беларускім узоры пабудуюць побач з Кішынёвам
Аб гэтым прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп паведаміў журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле слоў прэм'ера, наведваючы раней з візітам Беларусь, ён паспеў азнаёміцца з работай сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, пабываць на сучасных малочнатаварных комплексах.
«Мы дамовіліся на ўзроўні ўрадаў і міністэрстваў сельскай гаспадаркі стварыць такі комплекс недалёка ад Кішынёва ў вёсцы Максімаўка», — сказаў Павел Філіп.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу падкрэсліў, што гэта будзе ўзорна-паказальны праект і стане добрым прыкладам сумеснага супрацоўніцтва.
Беларуска-малдаўскія тралейбусы плануюць пастаўляць у Еўрасаюз
Аб гэтым прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп заявіў журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Павел Філіп адзначыў, што ў Кішынёве паспяхова функцыянуе сумеснае прадпрыемства па зборцы беларускіх тралейбусаў. У Малдове хочуць не толькі забяспечыць патрэбнасці сваіх гарадоў у гэтым транспарце, але і пастаўляць іх у еўрапейскія краіны.
«Гэты прадукт, выраблены ў Малдове, але з беларускімі каранямі, мы можам экспартаваць без мытных збораў на рынак Еўрапейскага саюза», — сказаў Павел Філіп.
Малдова таксама прадоўжыць закупляць беларускія аўтобусы, у перспектыве плануецца адкрыць іх вытворчасць тут.
Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным развіваць у Малдове ўжо існуючыя вытворчасці і адкрываць новыя. Напрыклад, у краіне ўжо збіраюць беларускія трактары. Лінейку гэтай прадукцыі можна пашырыць за кошт запуску вытворчасці невялікай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў невялікіх або прыватных гаспадарках.
Беларускія прадпрыемствы гатовы пачаць і дарожнае будаўніцтва ў Малдове. Яны ўжо ўдзельнічаюць у адпаведных тэндарах. Кіраўнік дзяржавы запэўніў малдаўскі бок, што ў дарог, пабудаваных беларускімі спецыялістамі, высокая якасць і тэрмін эксплуатацыі некалькі дзясяткаў гадоў.
Малдове акажуць падтрымку ў адкрыцці новых перапрацоўчых вытворчасцей у Беларусі, каб у далейшым прадукцыя пастаўлялася на рынкі трэціх краін. «Прыязджайце, мы вам акажам адпаведную падтрымку. Прычым можаце не перажываць наконт нейкага жульніцтва, што вас хто-небудзь падмане. Гэтага ў Беларусі няма і быць не можа. Мы трымаем гэта на строгім кантролі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь дапаможа Малдове з падрыхтоўкай інжынераў для прадпрыемстваў
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам па выніках перагавораў з прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам.
«Самы важны праект, які мы хацелі б рэалізаваць з малдаўскім кіраўніцтвам, — гэта падрыхтоўка спецыялістаў для Малдовы. Усё добра: аўтобусы збяром, паглыбім лакалізацыю тут. Але, калі не будзе людзей, якія ўмеюць вырабляць і эксплуатаваць гэту тэхніку, будзе бяда», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што такія прапановы Беларусь агучвае толькі сваім сябрам, паколькі рэалізаваць іх затратна, а асаблівасцямі падрыхтоўкі кадраў і тэхналогіямі не прынята раскідвацца. «Мы можам вельмі хутка, на працягу некалькіх месяцаў у Мінску рыхтаваць для вас інжынераў. Яны вернуцца да вас майстрамі і будуць збіраць аўтобусы, ажыццяўляць лакалізацыю іншых прадпрыемстваў і паралельна вучыць іншых», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
З просьбай да беларускага боку аб падрыхтоўцы кадраў па тэхналагічных спецыяльнасцях звярнуўся Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. «Мы гатовы вам як сваім блізкім людзям, братам, дапамагчы падрыхтаваць людзей па асноўных напрамках», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Бакі дэталёва прапрацуюць гэтыя пытанні, адпаведныя даручэнні дадзены ўрадам і профільным ведамствам абедзвюх краін.