19 красавіка прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцтва, тэмай якога стала “Барацьба з карупцыяй — важнейшая задача дзяржавы і грамадства”
Інфармацыйна-прапагандысцкая група ў складзе старшыні раённага выканаўчага камітэта Д. М. Ламака, кіраўніка спраў райвыканкама В. А. Малюгінай і галоўнага ўрача ЦРБ С. Т. Стомы сустрэлася з супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў.
— Карупцыйныя правапарушэнні прыносяць вялікія матэрыяльныя страты сучасным дзяржавам, — сказаў у пачатку размовы кіраўнік раёна. — Штогод у свеце сумы хабару налічваюць каля аднаго трыльёна долараў ЗША. У выніку карупцыі бюджэты дзяржаў недаатрымліваюць 2,6 трыльёна долараў ЗША. У нашай краіне створаны і на практыцы рэалізуюцца механізмы дзяржаўнай антыкарупцыйнай палітыкі, якія даказваюць сваю эфектыўнасць. Гэта пытанне заўсёды знаходзіцца на асабістым кантролі ў кіраўніка дзяржавы А. Р. Лукашэнкі. У Беларусі працягваецца ўдасканальванне актаў заканадаўства, якія рэгулююць грамадскія адносіны, найбольш падвергнуты карупцыі. Важнейшым дакументам у гэтай сферы стаў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 2017 г. “Аб развіцці прадпрымальніцтва”. Дэкрэт мінімізуе ўмяшальніцтва ў работу суб’ектаў гаспадарання і ўзмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю работу перад грамадствам.
У Рэспубліцы Беларусь сфарміравана адзіная сістэма дзяржаўных органаў, якія здзяйсняюць барацьбу з карупцыяй. Гэта Генеральная пракуратура, Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Адсутнасць у нашай краіне “недатыкальных” пацвярджаецца прыкладамі ўзбуджэння рэзанансных крымінальных спраў у адносінах да кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, дзяржаўных служачых. Усяго за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў у Віцебскай вобласці за мінулы год да адказнасці прыцягнута 111 асоб. Па краіне за 2017 год, дзякуючы актывізацыі праваахоўнай дзейнасці, да крымінальнай адказнасці прыцягнута 780 асоб, у 2016 годзе — 701.
Кіраўніцтвам нашай краіны паслядоўна і настойліва прымаюцца неабходныя меры па далейшым умацаванні законнасці і правапарадку, недапушчэнні прасочвання крыміналу ў органы дзяржаўнага кіравання, палітыку і эканоміку. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ў гэтым плане займае прынцыповую пазіцыю ў адносінах безумоўнага процідзеяння карупцыі ва ўсіх сферах грамадскіх адносін.
Далей у сумеснай гутарцы прысутныя змаглі задаць пытанні старшыні райвыканкама не толькі па азначанай тэме адзінага дня інфармавання насельніцтва, але і пра сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага раёна ў будучым.
Сяргей РАЙЧОНАК.