Лес будзе звацца Зуеўскім
14 красавіка ў Беларусі стартавала экалагічная акцыя “Тыдзень лесу”, ініцыятарам якой выступае Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Сёлетняя акцыя прысвечана Году малой радзімы.
Як паказвае статыстыка, з кожным годам усё больш і больш беларусаў бяруць удзел у “Тыдні лесу”. Летась у акцыі ўзялі ўдзел каля 82,5 тысячы чалавек, іх рукамі былі пасаджаны амаль 21 млн дрэў на агульнай плошчы 6 700 гектараў.
На Шуміліншчыне “Тыдзень лесу-2018” распачаўся сімвалічнай акцыяй: у суботу, 14 красавіка, адміністрацыя лясгасу і работнікі Мішневіцкага лясніцтва на чале з дырэктарам Аляксандрам Лабынцавым пасадзілі лес на месцы спаленай фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі Зуева. “Беларусы свята захоўваюць памяць пра гераічныя і трагічныя гады Вялікай Айчыннай вайны, – кажа Аляксандр Лабынцаў. – У Год малой радзімы мы ў лясгасе вырашылі, што аддадзім даніну памяці загінуўшым у гады вайны. Вёска Зуева з 37 жыхарамі была спалена фашыстамі ў 1943 годзе. Сёння там стаіць памятны знак. На двух гектарах зямлі мы пасадзілі каля 6000 саджанцаў. Пройдуць гады, і тут зашуміць лес, елкі і бярозы сваёй веліччу будуць нагадваць пра тых, хто загінуў за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы”. Работнікі лясгасу ўстанавілі таблічку, на якой напісана, што тут у 2018 годзе лес пасаджаны ў памяць пра спаленую вёску Зуева.
Як паведаміла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Людміла Доктарава, падчас “Тыдня лесу” дрэвы (каля 100 тысяч елак, соснаў і бяроз) на Шуміліншчыне будуць пасаджаны на плошчы каля 26 гектараў. Найбольш буйныя пасадкі будуць у Обальскім і Мішневіцкім лясніцтвах. Акрамя работнікаў лясгасу ў акцыі возьмуць удзел больш чым 150 добраахвотнікаў з арганізацыі і ўстаноў раёна, грамадскіх аб’яднанняў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №30 ад 19.04.2018 г.