На палях СВК “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш” гэтымі днямі высокімі тэмпамі ідуць палявыя работы.
Механізатары вядуць сяўбу яравых культур і шматгадовых траў, вывазку і ўнясенне арганікі, ворыва і апрацоўку глебы, падкормку азімых. Менавіта СВК “Бераснёўскі” па стане на 19 красавіка быў лідарам у раёне на веснавой сяўбе.
Усе работы вядуцца ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі, а іх якасць кантралюе галоўны аграном Леанід Панчэня.
Бераснёўскія рупліўцы стараюцца не марудзіць на сяўбе, бо ведаюць: упусціш дзень-другі, потым недаатрымаеш ураджай. Таму ўжо зранку механізатары — на палетках, доўжыцца іх рабочы дзень да 19 гадзін.
Як адзначыў галоўны аграном, сёлета ў гаспадарцы плануюць засеяць рознымі культурамі больш чым 1000 га: з іх на 116 га будзе ячмень, на 250 га — зернебабовыя, на 50 га — авёс, на 540 га — кукуруза. Дарэчы, каля 440 га “каралевы палёў” плануецца пасеяць на зялёную масу. На 50 га размесцяцца цукровыя буракі.
Сяўбу ў гаспадарцы пачалі з аўса, ячменю і зернебабовых. Ужо не першы год гэты адказны ўчастак работ давяраюць аднаму з самых вопытных механізатараў Віктару Скрыпунову. Кіраўніцтва сельгаскааператыва ўпэўнена ў яго добрасумленнасці, адказным стаўленні да сваёй земляробскай працы. Зараз ён заняты на сяўбе аўса. Рух яго трактара прыпыняецца толькі для таго, каб заправіць пасяўны агрэгат насеннем, якое дастаўляе на поле Міхаіл Іваноў. Дзякуючы зладжанасці гэтага тандэма раннія яравыя пасеяны ўжо больш чым на 160 га: з іх на 100 га — зернебабовыя.
Зараз усе работы вядуцца на ўчастках, дзе палеткі вызваліліся ад вільгаці. Механізатар Сяргей Міхалап займаецца ўзворваннем глебы (за змену паспявае ўзняць яе на плошчы 8 га і больш), Антон Трушкін рыхтуе глебу пад сяўбу зернебабовых.
Старанна працуе і малады механізатар Яўген Панчэня. Зараз ён займаецца падкормкай азімых культур. Ніводны кавалачак зямлі з раслінамі не застаецца без карысных рэчываў.
У мінулую ўборачную кампанію Яўген прымаў удзел ва ўборцы збожжавых і, як адзначыў хлебароб, вельмі прыемна было працаваць, калі бункер камбайна хутка напаўняўся залацістым зернем. Вось дзеля гэтага, упэўнены хлопец, і неабходна старанна пашчыраваць зараз на падкормцы збожжавых.
Увогуле, па словах Леаніда Панчэні, усе азімыя культуры, а гэта без малога амаль 950 га, даволі нядрэнна перазімавалі. Пацярпеў толькі невялікі ўчастак азімага рапсу. Пазней яго плануюць перасеяць іншай культурай.
Не забываюцца ў гаспадарцы і пра корманарыхтоўчую кампанію. Таму зараз вядзецца падсеў траў. У сераду, калі карэспандэнт “раёнкі” наведваўся ў гаспадарку, заняты на гэтых работах быў Генадзь Доўкша.
Радуюць агранамічную службу і пасевы азімай “зялёнкі”. Літаральна праз тыдзень-другі жывёла “Бераснёўскага” пасмакуе сакавітую свірэпіцу.
Вялікае значэнне надаюць у сельгаскааператыве ўнясенню арганічных угнаенняў. На палі ўжо вывезена больш за 19 тыс. т арганікі, вядуцца работы па яе ўнясенні ў глебу, дзе хутка размесціцца насенне кукурузы. Як вядома, гэтая культура вельмі спагадлівая на належны догляд і падкормку. Механізатары Віталь Лугаўцоў і Алег Грынфельд займаюцца ўнясеннем арганікі, Віктар Каліноўскі — яе пагрузкай.
Не сакрэт, што любая справа ладзіцца, калі добра падсілкуешся. Нават існуе такі выраз: “Каб папрацаваць да поту — трэба пад’есці ў ахвоту”. А гэта ўжо клопат кіраўніцтва гаспадаркі. Штодня на палеткі ўдзельнікам сяўбы дастаўляюцца гарачыя смачныя абеды, якія гатуюцца ў мясцовай сталовай райспажыўтаварыства.
Безумоўна, для ўдзельнікаў палявых работ важнае значэнне маюць заробкі. Напярэдадні выезду ў поле на сходзе да ведама механізатараў былі даведзены ўмовы і нормы выпрацоўкі, аплаты працы, у тым ліку за якаснае і своечасовае правядзенне работ, згодна працоўнага спаборніцтва сярод удзельнікаў пасяўной кампаніі.
Настрой у бераснёўскіх земляробаў падчас сёлетніх палявых работ баявы, а гэта значыць, што яны прыкладуць усе намаганні, каб справіцца з сяўбой у найлепшыя агратэхнічныя тэрміны.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.
На здымках: вопытныя механізатары СВК «Бераснёўскі» Міхаіл Іваноў і Віктар Скрыпуноў заняты на важным участку веснавых палявых работ — сяўбе яравых збожжавых культур; на падкормцы азімых працуе механізатар Яўген Панчэня; механізатар Генадзь Доўкша праводзіць падсеў шматгадовых траў; падрыхтоўкай глебы пад сяўбу зернебабовых займаецца Антон Трушкін.