Верхнядзвінскія майстры прадстаўляюць рэдкія вырабы
На велікодным тыдні ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адкрылася выстава “Пасхальны звон”, прысвечаная галоўнаму хрысціянскаму святу.
Экспазіцыю супольна падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі і майстры Дома рамёстваў. З аднаго боку фае размясціліся кнігі, часопісы, паштоўкі, малюнкі і вершы; з другога – рушнікі, іконы, дэкаратыўныя яйкі, лялькі і выцінанкі. Вочы разбягаюцца ад багацця яркіх фарбаў.
Супрацоўнікі бібліятэкі прапаноўваюць прасачыць усю гісторыю Вялікадня па старонках кніг, прасякнуцца духам свята праз вершы і карціны, а таксама знайсці новыя цікавыя ідэі для святочнага стала ў часопісах. Не засталася ў баку і дзіцячая бібліятэка: каляровыя выданні з малюнкамі спадабаюцца нават самым маленькім чытачам і дазволяць ім таксама дакрануцца да свету духоўнасці.
Не менш увагі прыцягваюць да сябе вырабы работнікаў Дома рамёстваў і клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў. Чаго тут толькі няма!
Кошык з зайцаў, птушкі, вялікі певень, лялькі-мотанкі – усяго і не пералічыць.
Як паведамляе кіраўнік клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў Алена Дзямешка, усе рушнікі, якімі ўпрыгожаны стэнды з іконамі і выцінанкамі, — работы мясцовых майстроў па ткацтву.
Займаюцца рэдкім для нашых дзён рамяством Таццяна Цыра і Валянціна Шумская. Яны ўносяць свой асабісты ўклад у аднаўленне культурнай спадчыны Верхнядзвіншчыны. Таццяна Міхайлаўна адрадзіла вельмі рэдкі рушнік, арыгінал якога знаходзіцца ў музеі І. Чэрскага ў Валынцах. Гэты рушнік выкананы з дапамогай складанай тэхнікі бранага ткацтва – адной з найбольш старажытных і працаёмкіх.
Валянціна Леанідаўна стаяла ля вытокаў стварэння Дома рамёстваў і клуба народных майстроў. На яе рушніках – узор менавіта нашага раёна, які прыйшлося шукаць на працягу многіх гадоў. Традыцыя гэтага ўзору найбольш захавалася ў вёсцы Сенькава, а зараз яго можна ўбачыць і ў вырабах Валянціны Шумскай.
Вышытыя крыжыкам іконы, якія прадстаўлены на выставе, — работы Ірыны Салаўёвай.
— Гэта, напэўна, наш самы вядомы майстар па вышыўцы, — працягвае расказ Алена Міхайлаўна. — Яна прымала ўдзел у конкурсе «Юбілейныя сімвалы», які праходзіў у Лепелі, атрымала дыплом лаўрэата.
Майстар Дома рамёстваў Галіна Чарнавок займаецца ткацтвам бісерам. У адрозненне ад вышыўкі бісерам, гэта вельмі рэдкі занятак. На выставе можна ўбачыць тры іконы, вытканыя Галінай Уладзіміраўнай.
Сама Алена Дзямешка займаецца выцінанкай. Гэты від творчасці вельмі ўласцівы для свята Велікадня, бо нясе ў сабе глыбокі духоўны сімвалізм.
— Выявы дрэў – гэта дрэвы жыцця, — тлумачыць Алена Міхайлаўна, — яны сімвалізуюць два жыцці: жыццё сапраўднае і жыццё па той бок.
Калі будзем разглядаць само дрэва, то ўбачым выявы птушак – гэта нібыта нашы продкі.
Алена Дзямешка займаецца таксама лапікавым шыццём – шыццём з абрэзкаў тканіны. «Зайчык-на-пальчык», велікодныя птушкі, у якіх можна ўкладаць яйкі, і лялькі-мотанкі – гэта ўсё яе работы, асобныя з іх, дарэчы, дэманстраваліся на велікоднай выставе ў Віцебску.
Увогуле лапікавае шыццё – даволі рэдкі від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Але знайшоўся ў нашым раёне яшчэ адзін майстар, які ўдыхае новае жыццё ў кавалачкі тканіны – гэта Лілія Крупенька з Бігосава, яе работы таксама прадстаўлены на святочнай выставе.
І гэта далёка не ўсё, чым багаты «Пасхальны звон». Велікодныя зайцы, «кафеюшкі», вырабы з саломкі і бісеру, а таксама шмат цікавай і пазнавальнай літаратуры, прысвечанай Вялікадню – усё гэта трэба бачыць сваімі вачыма. Калі вы зацікавіліся – сярдэчна запрашаем у цэнтральную раённую бібліятэку. Пагартаць тэматычныя кнігі і пазнаёміцца з творчасцю майстроў Дома рамёстваў можна ў любы дзень, нават пасля закрыцця выставы.
Алёна МАРОЗ.