Каменныя крыжы — маўклівыя сведкі гісторыі
Пры старых шляхах, на могілках, каля храмаў, на пагорках можна сустрэць каменныя крыжы. На некаторых бываюць літары, нейкія знакі, малюнкі. У народзе пра такія крыжы існуюць паданні.
Каменыя крыжы вядомы ў розных краінах Еўропы. Шмат іх на Пскоўшчыне, але больш за ўсё такіх помнікаў у Беларусі – на Палессі і Полаччыне, у Дзісне і нават на схіле Траецкай гары ў Мінску. Цікавыя сведчанні каменнага летапісу сабраныя проста ў двары музея колішняга беларускага горада Себежа, куды яны трапілі стараннямі даследчыкаў і аматараў археалогіі з беларуска-расійскага памежжа з абодвух бакоў граніцы.
Захаваліся гэтыя помнікі даўніны і на Верхнядзвіншчыне. Звесткі пра іх збірала былая супрацоўніца рабочай групы па стварэнні нашага музея Л.В.Гагалінская. У нашым фотаархіве можна ўбачыць каменныя крыжы з ваколіц Крывасельцаў і Зашчырына, Лісняншчыны, Шайтарава і Прыдзвіння.
На жаль, у нас шмат каменных крыжоў было знішчана ў часы “ваяўнічага атэізму”, некаторыя звезены сучаснымі недавукамі для аздаблення дызайну ўласных падвор’яў. Між тым гэта каштоўныя помнікі гісторыі і этнаграфіі, палеаграфіі, мастацтва і духоўнай культуры народа.
Памеры і форма крыжоў, тлумачэнне іх паходжання вельмі разнастайныя.
Каменныя крыжы ставіліся на ростанях вялікіх дарог, на пераправах, на ўскраінах паселішчаў для абароны ад ворагаў і паморкаў, на месцах гістарычных падзей, на могілках. Першыя крыжы паўсталі яшчэ ў гады ранняга хрысціянства, найперш на месцах спляжаных язычніцкіх капішчаў. Самымі старажытнымі ў Беларусі лічацца тураўскія крыжы. Найбольш ушанаваны з іх быў перавезены ў Гомельскі краязнаўчы музей.
Нямала каменных крыжоў месцяцца каля вадаёмаў. Частка іх магла быць пастаўлена ў знак мясціны воднага хрышчэння. На вітражы першай залы нашага музея можна ўбачыць каменны крыж з гары Рагвалода і Рагнеды на беразе возера Дрысы ля вёскі Перавоз. Гэта мясціна была і застаецца адной з навігацыйных загадак як для колішніх лоцманаў, што ішлі на стругах па тутэйшым адгалінаванні грэка-варажскага шляху, так і для сучасных байдарачнікаў. Выйшаўшы на азёрную прастору з вусця ракі Ушчы, па якой яны сплаўляліся дагэтуль, весляры працягвалі шлях у ранейшым кірунку – і гэта было памылкай, бо рака Дрыса, якая пачынаецца каля мысавога Кургана, бярэ разгон ад самага вытоку амаль у супрацьлеглым напрамку.
Падобнае тлумачэнне мае права існаваць і пра радаслоўную каменнага крыжа на могілках былой вёскі Рэвуты. Могілкі размешчаны на парослым соснамі кургане над ракою Свольнай пасля яе вытоку з возера Бузянка. За палявой раўняддзю, зараз наўсцяж засаджанай сасняком, у баравым узлессі грувасцяцца курганы старажытных пахаванняў. Насупраць, за крутымі петлямі ракі, паблізу вёскі Чарнавокі ўзвышаецца выспа-селішча. Значнасць гэтай мясціны падкрэсліваюць геаграфічныя карты даваенных часоў: паміж зусім блізкімі вёскамі Рэвуты і Чарнавокі над Свольнаю, каб зрэзаць петлі шляху, існавалі два масты.
У часы ранняга хрысціянства з’явіліся крыжы, пераробленыя з язычніцкіх ідалаў. Такія крыжы-“бабы”, з галовамі, грудзямі і жыватамі можна ўбачыць у Себежскім музеі. Пазней, ужо ў сярэднявеччы, выявы чалавечай фігуры высякаюцца на саміх крыжых не рэльефам, а схематычным рысункам. Такія цікавыя крыжы захаваліся яшчэ на старых могілках над далінай Дрысы ў Шайтараўскім наваколлі, нападалёк ад якіх, пры вусці Турскага ручая, існавала калісьці і драўляная цэркаўка. Выявы тутэйшых крыжоў ёсць на фрызах прычала Княжыцы ў нашым музеі. Супастаўляючы іх, можна меркаваць аб удасканаленні тэхнікі апрацоўкі каменя і нават аб развіцці “мемарыяльнага каменнага мастацтва”. На адным з крыжоў ёсць, напэўна, самая старажытная ў нашым краі выява святой Маці з дзіцем.
Курганны абрад пахавання ў XIII стагоддзі саступае месца бескурганным могільнікам. На такіх магілах рабіліся ўжо невялікія насыпы і ставіліся крыжы, як драўляныя, так і каменныя. 3 цягам часу насыпы расплываліся, драўляныя крыжы перагнівалі, а каменныя заставаліся. Такі працэс можна яшчэ назіраць у Зашчырыне, у Козіках і інш., дзе за агароджай могілак грувасцяцца курганы, а на самыя могілкі “перабраліся” каменныя помнікі – ад глыбаў незвычайнай формы да крыжоў.
Паколькі могілкі звычайна былі каля дарог, то з часам, са знікненнем блізкіх паселішчаў, каменныя крыжы на пакінутых могілках ператвараліся ў прыдарожныя. Некаторыя з іх пазначаюць колішні Кацярынінскі шлях.
У сувязі з тым, што вялікія шляхі выкарыстоўваліся для перамяшчэння войскаў, гандлёвых тавараў і служылі найбольш даходнай крыніцай для рабаўнікоў, існуюць шматлікія паданні пра закапаныя пад крыжамі і зачараваныя скарбы – шведскія, французскія і інш. Такія паданні ў большасці з’яўляюцца ўжо другаснымі, бо крыжы тыя ўзніклі задоўга да напалеонаўскага нашэсця. Тым не менш, устаноўка каменных крыжоў на месцах бітваў і забойстваў не аспрэчваецца. Напрыклад, каля аднаго з экіманскіх (каля Полацка) крыжоў пры даследаванні былі знойдзены какарда з сярэбранай парчы і манета рускага цара Міхаіла Фёдаравіча першай паловы XVII стагоддзя.
Ёсць і паданні аб каменных крыжах як аб межавых адзнаках. Часта каменныя крыжы і на самой справе выступалі ў якасці адзнак зямельных уладанняў і старадаўніх дзяржаўных утварэнняў-княстваў.
Зараз пры абмеркаванні пытання аб уладкаванні фрагмента набярэжнай Дзвіны ў нашым горадзе ўзнікла прапанова пераносу якога-небудзь з каменных крыжоў на бераг нашай ракі-матухны ў якасці сімвала Боскай апекі.
У гісторыі ёсць шмат прыкладаў, калі каменныя крыжы пераносіліся з аднаго месца на другое, што звычайна звязвалася з нейкімі падзеямі. Па старых звычаях, да такіх крыжоў вяскоўцы праводзілі нябожчыка. Па павер’ях, нельга было пераносіць толькі крыжы з могілак, бо тады лю-дзей чакалі розныя няшчасці. Да многіх каменных крыжоў ішлі хрэсныя ходы, а то і проста па пэўных днях збіралася шмат людзей, што нярэдка назіраецца і ў наш час.
Што да нашых крыжоў, то тут не пашкодзіла б разважлівасць. Парушаць вечны спакой сучасных могілак – занятак вандалаў. Мы, супрацоўнікі музея, лічым, што акцыю пераносу крыжа, крыжоў або іншых знакаў на новае месца можна ажыццявіць толькі ў мэтах іх зберажэння ад разбурэння і поўнага знікнення, абароны ад тых самых заклапочаных добраўпарадкаваннем сваіх сядзібаў гаспадароў, для якіх няма нічога святога. З гэтай мэтай быў перавезены на захаванне ў музеі каменны крыж з вёскі Пользіна. Слушнай нам бачыцца прапанова аб перавозе тых нямногіх яшчэ ўцалелых камяніскаў з–за Турскага ручая. Была нават здзейснена спроба вывезці адзін з крыжоў, але яна была няўдалай з-за тэхнічных складанасцей.
Крыж з могілак ля былой вёскі Рэвуты пажадана пакінуць у спакоі. Паведамляецца, што ў хуткім часе над Свольнаю ў той мясціне ўзляціць навясны масток, і тады на Верхнядзвіншчыне з’явіцца надзвычай цікавы кальцавы турысцкі – пешаходны, веласіпедны – маршрут “з Дабраплёсаў у Дабраплёсы”, які наніжа на сябе пацеркі нашай велічнай і драматычнай гісторыі – і курганы на ўзлессі, і вялікі каменны крыж, і селішча, дзе пад выспай смуткуе брацкая магіла ахвяр фашызму, і такія ж магілы далей па свальнянскіх берагах, і знак партызанскага змагання – полымная зорка – на Малавідаўскім шляху.
Варта яшчэ паклапаціцца, каб перанесены сімвал – калі такое адбудзецца – не страціў сваёй глыбокай уражлівасці ў нясвойскім для яго новым дызайне. Той самы рэвутаўскі крыж выглядае сцішана-сурова і задумліва-векавечна пад соснамі на беламошным кургане над ціхай і светлай рачулкай; над шырокай Дзвіной пры асфальтаваным падножжы ён проста зніякавее. Таму тут без рады з мастакамі, дызайнерамі прасторы не абысціся. Кажучы пра шайтараўскія-турскія крыжы, мы маем на ўвазе, што іх не трэба разлучаць, а размясціць і ў новым асяродку ў іх комплексным сумоўі. А як стварыць сярод асфальту належны куток – з адмецінамі даўніны і элементамі, якія выклікалі б настрой удумлівага сузірання – гэта, зноў-такі, задача Мастака. На выпадак, калі гэта не ўдасца, наш музей наўзамен прапануе свой дворык, дзе камень-вяшчун з Гарадзілаўскай гары чакае для сябе ў суседства такіхсама субяседнікаў, з якім ён мог бы гаврыць без слоў аб вечным.
А. БУБАЛА,
навуковы супрацоўнік
раённага краязнаўчага музея.