18 красавіка, у Нясвіжскім райвыканкаме правёў чарговы асабісты прыём грамадзян старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка.
Двое з пяці тых, хто звярнуўся да яго, закранулі тэму ЖКГ. Напрыклад, жыхар пасёлка Новагарадзейскі паскардзіўся на дах, які працякае, і няспраўныя выцяжкі, а таксама выказаў незадаволенасць з нагоды ўстаноўкі і эксплуатацыі двухконтурного катла суседам. Як паведаміў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Генадзь Салавей, у доме заяўніка да 1 ліпеня будзе перароблены дах. У сваю чаргу губернатар даў даручэнне абласным структурам выехаць і праверыць скаргу заяўніка наконт выцяжкі.
Уздымалася таксама тэма выплаты дапамог на дзяцей, старэйшых за тры гады. На прыём да Анатоля Ісачанкі прыйшлі бацька і яго дачка — шматдзетная маці, жыхары аграгарадка Салтанаўшчына. Муж жанчыны — індывідуальны прадпрымальнік — не заплацiў своечасова ўзносы, з-за чаго яна не атрымала дапамогі на дзяцей за 2017 год. Як адзначыў кіраўнік вобласці, плаціць узносы — абавязак кожнага індывідуальнага прадпрымальніка. «Чаму хтосьці абавязаны папярэджваць вас пра неабходнасць заплаціць узносы? Гэта быў ваш абавязак. З гэтых узносаў вам жа потым плаціцца дапамога на дзяцей. У нас па вобласці больш за 50 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, і кожны абавязаны выплаціць належнае», — сказаў ён.
Падчас выязнога прыёму грамадзян у Нясвіжы Анатоль Ісачанка таксама разглядаў пытанні, звязаныя з паляпшэннем жыллёвых умоў, размяшчэннем адміністрацыйнага будынка ў культурна-гістарычнай частцы Нясвіжа і іншыя. Адказы на звароты будуць дадзены ў адпаведнасці з заканадаўствам.
«НН».