Вада павінна быць якаснай

Источник материала:  
19.04.2018 — Разное
>

Вада павінна быць якаснай

Вада — самае важнае рэчыва, якое спажывае наш арганізм. Яна неабходная кожнай клетцы, тканцы і органу для нармальнага функцыянавання. Відавочна, што ад яе якасці залежыць і здароўе чалавека. Як на Пастаўшчыне наладжана забеспячэнне насельніцтва пітной вадой, ці з’яўляецца яна якаснай, пра функцыянаванне аб’ектаў водазабеспячэння і іншае размова з галоўным урачом раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святланай Анатольеўнай Рассеевай.

Вада павінна быць якаснай— Раскажыце, калі ласка, адкуль у нашы дамы паступае вада?
— Асаблівасцю нашага раёна, дарэчы, як і ўсёй Віцебскай вобласці, з’яўляецца адсутнасць водазабеспячэння насельніцтва з адкрытых крыніц. У гэтых мэтах выкарыстоўваем толькі падземныя. Яны знаходзяцца на глыбіні ад 60 да 250 метраў, а вада з іх першапачаткова адпавядае ўсім патрабаванням гігіе­нічных нарматываў за выключэннем павышанага ўтрымання жалеза. Але названая праблема ўласцівая для ўсёй Беларусі. Пра гэта гаварыла і намеснік галоўнага ўрача Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ларыса Фёдараўна Зінкевіч, якая ўдзельнічала ў нядаўнім пасяджэнні райвыканкама па «водным» пытанні.

Да нядаўняга часу на балансе УП ЖКГ знаходзіліся 24 вода­праводы, 44 артэзіянскія свідравіны, што іх сілкавалі, і 6 станцый абезжалезвання. У студзені бягучага года гэтыя аб’екты перададзены філіялу «Докшыцыводаканал». Яшчэ адна арганізацыя, якая ажыццяўляе забеспячэнне насельніцтва Варапаева і часткі горада Паставы вадой, гэта «Дарводаканал». Што да са­нітарнай службы раёна, то яна вядзе надзор за 106 гаспадарча-пітнымі водаправодамі і 155 артэзіянскімі свідравінамі.

Вада павінна быць якаснай— Як можна панізіць утрыманне жалеза ў вадзе?
— ДАСТ на пітную ваду рэгламентуе ўтрыманне жалеза 0,3 міліграма на літр. У нас назіраеца перавышэнне нормы ў два разы. Гэта праблема ўласцівая для сельскай мясцовасці, дзе адсутнічаюць станцыі абезжалезвання. Вырашыць яе можна, пабудаваўшы іх. Толькі так вада стане гарантаванай якасці. У раёне дзейнічаюць 6 станцый абезжалезвання. Дзве з іх знаходзяцца ў райцэнтры (водазаборы «Спорыца» і «Паставы-18»), астатнія — у Дунілавічах, Лынтупах, Вярэньках і ў абласным дзіцячым рэабілітацыйным аздараўленчым цэнтры «Ветразь». Не адзін год не маглі трапіць у інвестыцыйныя праграмы па будаўніцтве станцый абезжалезвання Варапаева і Юнькі. Сёлета, нарэшце, лёд крануўся.

Вада павінна быць якаснай— Святлана Анатольеўна, патлумачце, ці з’яўляецца падключэнне жыхароў раёна да цэнтралізаваных сетак водазабеспячэння пажаданым фактарам.
— Гэта так. На сёння цэнтральнае водазабеспячэнне ёсць у 43 населеных пунктах раёна. За два папярэднія гады да яго падключаны 142 домаўладальнікі. Там, дзе магчыма, такія работы працягнуцца, дзе не — супрацоўнікі нашага цэнтра будуць весці растлумачальную работу з насельніцтвам.

Вада павінна быць якаснай— Што маеце на ўвазе?
— Там, дзе адсутнічае цэнтралізаванае водазабеспячэнне, выкарыстоўваецца вада з калодзежаў. А яна не заўсёды з’яўляецца якаснай. Каб знізіць рызыку, абавязкова трэба ўтрымліваць калодзежы ў належным стане: арганізацаваць 50-метровую зону, у якую не павінны трапляць гной і ядахімікаты, абсталяваць навесам. У пачатку 2000-х гадоў у рэспубліцы быў выпадак, калі для харчавання немаўляці выкарыстоўвалася вада з калодзежа з вельмі высокім утрыманнем нітратаў. На жаль, дзіця памерла.

Праблема адсутнасці цэнтралізаванага водазабеспячэння ўласцівая для малых населеных пунктаў, дзе ў асноўным пражываюць пенсіянеры. Але на лета да іх прыязджаюць дзеці і ўнукі. Ім варта паклапаціцца пра сваю бяспеку — здаць пробы вады ў санстанцыю. Тое самае датычыцца і мясцовых жыхароў.

Вада павінна быць якаснай— Ці скардзяцца на якасць вады жыхары шматкватэрных дамоў?
— Не так даўно такія скаргі паступалі ад жыхароў дамоў №№1, 2, 3, 4 па вуліцы Зялёнай. Людзі наракалі на дрэнную якасць вады, якая цячэ з кранаў. Пры лабараторным даследаванні ўстаноўлена, што прычына — у зношанасці сістэм водападачы. Пытанне замены зношаных водаправодных сетак будзе паэтапна вырашацца на працягу гэтага і наступнага гадоў.

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Вераніка ФІЛАНОВІЧ

←В субботу по югу потеплеет до +24°С

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика