Наперад… у мінулае
Сонечны дзень сабраў жыхароў горада на ўрачыстае адкрыццё мурала, які размясціўся на фасадзе дзіцячых ясляў-сада № 2. Пачалося ўсё з экскурсіі па старой забудове былой кірмашовай плошчы.
На пачатку адкрыцця кароткае слова трымалі ўдзельнікі раённай арганізацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Міхась Мацкевіч і Міхаль Міхно. Яны распавялі пра першы вопыт рэалізацыі ў горадзе такога праекта. Мастак Валерый Шуцілаў, які на працягу месяца працаваў над нанясеннем малюнка, расказаў пра працэс размалёўкі фасада, а таксама аб тым, як рэагавалі людзі на тое, што ён робіць. Шмат пытанняў было да Валерыя і пра будынкі, якія ён маляваў. Пра гэта больш падрабязна можна было паслухаць на экскурсіі, якую вяла настаўніца і краязнавец Людміла Назаранка. Паводле канцэпцыі, на мурале вельмі кампактна размясцілася большасць гістарычных будынкаў плошчы, таму экскурсаводу было лёгка зарыентаваць слухача на тым, дзе і як яны стаялі, і якая роля была адведзена ім у гісторыі горада.
Заканчэннем мерапрыемства стала ўсталяванне на будынку дзіцячага сада дошкі з сучаснай (Гагарына) і гістарычнай (Паштовая) назвамі вуліцы, дзе ён размяшчаецца.
Павел САВІЦКІ