Па ўзнагароду – у канцэртную залу «Верхні горад»
Вучні духавога аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў паспяхова паўдзельнічалі ў І Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя В. В. Волкава.
Выкладчык Раман Бець падрыхтаваў шэсць сваіх вучняў для ўдзелу ў гэтым прэстыжным выканальніцкім спаборніцтве. У малодшай групе ў конкурсе прынялі ўдзел трубачы Віктар Бець, Кацярына Кутас, Кацярына Рылко, Вадзім Босы, барытаніст Максім Макарэвіч і валтарніст Глеб Жыбуль.
Конкурс праходзіў з 22 по 26 сакавіка на базе Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 14 г. Мінска ў некалькі тураў. У адборачным туры прынялі ўдзел больш за 150 юных музыкантаў з усёй рэспублікі. У фінал конкурсу выйшлі тры стаўбцоўскія выканаўцы – Вадзім Босы, Максім Макарэвіч і Глеб Жыбуль. Умовамі конкурсу было прадугледжана выкананне пэўнай музычнай праграмы, якая абавязкова ўключала творы беларускіх кампазітараў. Такім чынам, у Год малой радзімы конкурс выконваў задачу папулярызацыі нацыянальнага музычнага мастацтва, фарміравання і выхавання ў маладога пакалення мастацкага густу. У адборачным і фінальным турах канкурсанты ігралі па два розныя творы. Гэта патрабавала ад юных музыкантаў вялікай працы, творчага напружання, спаборніцтва было не з лёгкіх. За тыдзень да гэтага рэспубліканскага конкурсу ўсе з пералічаных шасці стаўбцоўскіх музыкантаў паўдзельнічалі ў І Міжнародным конкурсе юных выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах «Фанфары Наднямоння», на які падрыхтавалі асобную конкурсную сольную праграму. Падрыхтоўка да гэтых прэстыжных конкурсаў адняла шмат часу, сіл, старанняў і ў дзяцей, і ў выкладчыка.
Выступленні юных выканаўцаў ацэньвала кампетэнтнае журы пад старшынством прафесара, заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Будкевіча. У фінальным выступленні журы звяртала ўвагу на складанасць выбраных твораў і ўзровень іх выканання, віртуознасць ігры. Ганаровыя званні лаўрэатаў трэцяй ступені атрымалі Максім Макарэвіч (барытон) і Глеб Жыбуль (валторна). Дарэчы, гэтыя юныя музыканты атрымалі лаўрэацкія дыпломы і на І Міжнародным конкурсе «Фанфары Наднямоння». Максім і Глеб былі запрошаны на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу ў канцэртную залу «Верхні горад». Пераможцам уручаны дыпломы, медалі і грашовыя ўзнагароджанні. Пачэсна было падняцца на сцэну і выкладчыкам, якія неймавернымі стараннямі і сваім педагагічным талентам дапамаглі дзецям дабіцца такога поспеху. Граматай за высокае педагагічнае майстэрства ўзнагароджаны Раман Бець і канцэртмайстры Валянціна Ляхоўская і Ірына Тукач.
Цырымонію ўзнагароджання ўпрыгожыў гала-канцэрт лаўрэатаў.
Наступны Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя В. В. Волкава пройдзе ў 2020 годзе. Арганізатарам яго выступае Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Конкурс уведзены ў пералік тых, якія фінансуюцца з бюджэту, і пакідае для ўдзельнікаў стымул, так як для пераможцаў акрамя дыпломаў прадугледжаны грашовыя ўзнагароджанні.
На здымку: лаўрэаты конкурсу Максім Макарэвіч і Глеб Жыбуль.
Пр