У раённай бібліятэцы правялі краязнаўчае падарожжа, прысвечанае 515-годдзю Шаркаўшчыны

Источник материала:  
18.04.2018 — Разное

У раённай бібліятэцы правялі краязнаўчае падарожжа, прысвечанае 515-годдзю ШаркаўшчыныРадзімы кут, прыгожы гарадок,

Зямля дзядоў пад назвай Шаркаўшчына,

З тваіх карэнняў мы бяром выток,

Цябе ўслаўляем, любая Айчына.

Міледзій Кукуць.

Прыкмечана, што народ без гісторыі, як дзіця без бацькоў. Мы прывыкаем да таго месца, дзе жывём. І, як не дзіўна, мы можам шмат расказаць аб прыгожых мясцінах свету, а пра свае вёску, горад нічога не ведаем.

Невыпадкова Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2018 год быў аб’яўлены Годам малой радзімы. Сёлета спаўняецца 515 гадоў з першага пісьмовага ўпамінання нашай Шаркаўшчыны. Менавіта гэтым падзеям у раённай бібліятэцы было прысвечана краязнаўчае падарожжа “Маўклівыя сведкі сівой даўніны”.

Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства з дапамогай летапісца здзейснілі падарожжа ў далёкае мінулае нашага мястэчка, якое пераходзіла ў спадчыну, не адзін раз здавалася ў арэнду. Пра тое, як выглядала даваенная Шаркаўшчына, слухачы даведаліся з урыўка кнігі Германа Кірылава “Пах жыта”. Дзякуючы пісьмовым успамінам Станіслава Альбінавіча Юзэфовіча і Васілія Аляксеевіча Ваштаёнка, якія бібліятэкары сабралі і беражліва захоўваюць ва ўстанове культуры, наведвальнікі даведаліся, а некаторыя прыгадалі, дзе размяшчаліся будынкі мясцовай улады, грамадскага харчавання, міліцыі, аховы здароўя, магазіны. Дапаўняла ўспаміны  аднайменная выстава рэтра-фотаздымкаў.

А скончылася вандроўка ў сённяшняй Шаркаўшчыне, у якой жывуць і працуюць таленавітыя людзі. На працягу мерапрыемства гучалі вершы-прысвячэнні любай Шаркаўшчыне Міледзія Кукуця, Віктара Лагуна, Надзеі Паляк. Кацярына Сосна напрыканцы зачытала верш, які прысвяціла гісторыі нашага гарадскога пасёлка.

Т. РАЙЧОНАК,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика