Андрэй УЛАСЕВІЧ — дырэктар камунгаса
У чацвер старшыня райвыканкама Віталь Казлоў прадставіў калектыву РУП “Чэрвеньская ЖКГ” новага дырэктара – Андрэя Уласевіча. Паводле яго слоў, змены ў кіраўніцтве камунгаса наспявалі, бо сітуацыя тут кардынальным чынам не мянялася, дадзеныя даручэнні не выконваліся.
Прадстаўляючы Андрэя Уласевіча, Віталь Казлоў адзначыў, што ён мае вопыт двухгадовай працы на пасадзе кіраўніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Мар’інай Горцы, калектыў якой у чатыры разы большы, чым у Чэрвені.
Старшыня райвыканкама акрэсліў перад новым дырэктарам камунгаса шэраг задач. Гэта – будаўніцтва новай групавой кацельні, добраўпарадкаванне Чэрвеня, зніжэнне страт цеплавой энергіі кацельнай гаспадаркі, якія – адны з самых высокіх у рэспубліцы, а таксама прапрацоўка пытання будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады.
Падзякаваўшы за аказаны давер, Андрэй Уласевіч выказаў намер змяніць негатыўнае стаўленне да камунальнай гаспадаркі раёна, якое існуе ў кіраўніцтва рэспубліканскага галіновага ведамства, і запэўніў калектыў, што не збіраецца праводзіць масавай ратацыі кадраў, гатовы прыслухоўвацца да парад і прапаноў кожнага работніка, адкрыты для дзелавых стасункаў.
Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара
ДАС’Е “РАЁННАГА ВЕСНІКА”
Андрэй Іванавіч УЛАСЕВІЧ нарадзіўся ў 1976 годзе ў пасёлку Бальшавік Мінскага раёна.
Мае вышэйшую адукацыю: у 2005 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”.
Працаваў майстрам, выконваючым абавязкі начальніка, начальнікам дарожнага ўчастка ААТ “Аўтамагістраль”, начальнікам “ЛДД-602” “ДЭУ-60” РУП “Мінскаўтадарцэнтр”, намеснікам начальніка, начальнікам філіяла РУП “Белаўтастрада” філіял “ДЭУ №4” г.Стоўбцы, начальнікам філіяла “ДЭУ №62” г.Стоўбцы і “ДЭУ №68” г.Мар’іна Горка, генеральным дырэктарам УП “Жылцепласэрвіс” г.Мар’іна Горка, дырэктарам філіяла “ДБУ №29” ААТ “ДСТ №7” г.Стоўбцы. Да прызначэння на пасаду дырэктара РУП “Чэрвеньская ЖКГ” – галоўным інжынерам, намеснікам дырэктара Чэрвеньскага “ДРБУ №121”.