Семья Дубко отстроила свой дом после пожара и сейчас их усадьба – одна из самых благоустроенных в агрогородке Глыбочка

Источник материала:  
14.04.2018 — Разное

Дом Мікалая Усцінавіча і Ганны Іванаўны Дубко зусім не падобны на сядзібу пенсіянераў. Звычайна яны якія? Няхай нават супердагледжаныя, пафарбаваныя, у кветках, аднак невялікія, якія не кідаюцца ў вочы. Лепшы ж ветэранскі падворак аграгарадка Глыбачка па выніках мінулагодняга раённага конкурсу – гэта хутчэй сядзіба “новых рускіх”: вялізная, у сайдынгу і металачарапіцы, якая здалёк чапляе позірк.

– Да нас летам прыязджаць трэба, зараз жа нічога не бачна, – гаворыць гаспадыня, паказваючы ўчастак, які плаўна спускаецца да возера. – Райскае месца.Семья Дубко отстроила свой дом после пожара и сейчас их усадьба – одна из самых благоустроенных в агрогородке Глыбочка

Так, пачатак красавіка зусім не буяе колерамі, затое падкрэслівае тое, што схавалася б у сакавітай лістоце: практычна ўся плошча ў нізенькіх “цяпліцах”. Аднак не ранняя цыбуля, не радыска растуць пад прыўзнятым слоем плёнак. Такім грунтоўным спосабам, з драўлянымі падпоркамі, каб была прадушына, укрыты каралевы кветак – ружы – любімыя і Ганнай Іванаўнай, і дачкой. Сярод больш сотні чайных, пляцістых, фларыбунды нават шэсць супермодных штамбавых. А яшчэ дзясяткі лілейнікаў, лілій, рамонак, флоксаў… і хвойнікаў, якія разводзяць, каб зрабіць жывую агароджу. Для гэтых мэт таксама пасаджаны самшыт.

Многія людзі старэйшага пакаленя не бачаць карысці ў раслінах, плады якіх нельга паставіць на стол. А на сядзібе Дубко на першым месцы якраз эстэтыка, а потым практычнасць.

– Калі каму патрэбны букет, усе ідуць да Ганны Іванаўны і яна абавязкова зразае, – дадае бліжэйшая суседка.

Дагледжаным іх дом па вуліцы Сонечнай быў заўсёды. Мікалай Усцінавіч – сапраўдны гаспадар, які будаваўся ў канцы сямідзесятых практычна адзін, звяртаючыся выключна да спецыфічных спецыялістаў. У яго і майстэрня, і гараж, дзе ў ідэальным стане сінее “Масквіч”, глыбокі склеп пад домам, летняя кухня.

Нават не верыцца, што яшчэ тры з паловай гады таму тут чарнела папялішча. Дом загарэўся ўвечары 30 верасня 2014 года. І хоць усе былі на месцы і хутка прыехалі выратавальнікі з мясцовага паста – дах поўнасцю абваліўся. Пад руінамі засталося ўсё. А праз два дні мясцовая брыгада прадпрымальніка М.М.Бабаедава распачала аднаўленчыя работы.

– Мы вельмі ўдзячны ім, што дах накрыць і зашыць дом пагадзіліся да зімы нават не ў сезон. Нам жа неабходна было літаральна за выхадныя разабраць усе завалы. Прыехалі дочкі, дапамаглі знаёмыя. Спачатку перанеслі ў парнік агародніну з затопленага склепа, потым разабралі папялішча. Чатырнаццаць машын вывезлі на сметнік. І пачалі зажывацца наноў.

Кожны ранак Мікалай Усцінавіч і Ганна Іванаўна ішлі з дачы дачкі на папялішча і працавалі. Гаспадар працепліваў лазню, каб было дзе папіць кавы і абагрэцца. На гадзіннік не глядзелі, замест яго быў кот, які ў 6 і 18 гадзін сігналізаваў пачатак і завяршэнне работ.

Гэтым людзям акрамя падарунка як уладальнікам лепшай ветэранскай сядзібы можна было даваць і медаль “За мужнасць”. У свае 78 і 74 гады яны ўдвух падрыхтавалі ўсе дошкі на столь, а таксама самі “зашылі” яе: “Пакрыквалі, бывала, адзін на аднаго, маўляў, не моцна прыціскаеш ці не роўна трымаеш. Асабліва складана ў зале было, дзе дошкі шасціметровыя, аднак няблага атрымалася. І наступны, 2016 Новы год, сустракалі ў родных сценах”.

І сёння, калі прыгадвае трагедыю, Ганна Іванаўна хвалюецца, тады ж яе адкачвалі медыкі. “Злодзею не пажадаеш, – паўтараюць гаспадары, якія яшчэ не поўнасцю закрылі чорнае бярвенне. – Гэта настолькі страшна, што не можаш прыгадаць нават просты нумар “101”, што трэба набраць”.

Сёння ў былых вадзіцеля і заатэхніка племсаўгаса «Глыбачаны» прасторная зала з моднай канапай, новы спальны гарнітур, кухня, вельмі цікавая, белая столь з карычневымі бэлькамі і свяцільнікамі. Утульна і стыльна. У многім дзякуючы малодшай дачцэ Іне Мікалаеўне, што скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта, агульнай дапамозе дзяцей і ўнукаў. У старэйшай у Глыбачцы ёсць уласная дача, ну а малодшая ў любую вольную хвіліну едзе з Віцебска сюды. Дапамагаць, адпачываць… Пасля трагедыі была кожныя выхадныя, вельмі часта з сябрамі, якія аднаўлялі паравое ацяпленне, электрычнасць.

Ім, як пагарэльцам, райвыканкам выдзеліў 50 кубаметраў драўніны, атрымалі страхоўку, на адбудову ішлі і пенсіі, аднак усё роўна не хапала, і дачка ўзяла 30 мільёнаў крэдыту. Так невялікай, але дружнай грамадой і зрабілі праз год узорны дом, а нястомныя гаспадары выношваюць далейшыя планы, напрыклад, прыбудаваць калідорчык, каб не выходзіць у кацельню праз вуліцу. Пакідаючы сядзібу Дубко, у чарговы раз пераконвалася, што ўзорная прыгажосць, як і дабрабыт дасягаюцца толькі ўпартай працай.

Вольга КАРАЛЕНКА.

←Новая беларуская бизнес-авиакомпания получила права на полеты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика