Юная ушачанка Полина Сазонова успешно выступила на детском форуме-фестивале фортепианной музыки «Музыкальная капель», который прошёл в Орше
Больш чым паўтары сотні юных музыкантаў Прыдзвіння сабраліся ў пачатку красавіка ў Оршы на ІХ Адкрыты дзіцячы форум-фестываль фартэпіяннай музыкі “Музычная капель”. Сёлета ўпершыню на гэты рэгіянальны конкурс дэлегавала сваіх прадстаўнікоў і Ушаччына – гонар раёна на ім адстойвала вучаніца 5 класа фартэпіяннага аддзялення Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Паліна Сазонава.
У конкурсных выпрабаваннях дзяўчына не навічок – на яе рахунку шэраг лаўрэацкіх званняў, але дагэтуль яны датычыліся жанру эстраднага вакалу (Паліна вучыцца паралельна адразу на двух аддзяленнях школы мастацтваў). Сёлета ж яны разам з педагогам Верай Эдуардаўнай Кароткай вырашылі паспрабаваць свае сілы ў інструментальным выканаўчым майстэрстве.
Наша прадстаўніца ўдзельнічала ў дзвюх намінацыях. У сольным выступленні вынесла на суд журы паэтычную п’есу Б.Сметаны і дынамічны твор Д.Кабалеўскага. Іх выкананне было адзначана спецыяльным дыпломам “За музыкальнасць і артыстызм”.
Яшчэ больш яркім і ўражлівым аказалася выступленне Паліны ў намінацыі “Юны канцэртмайстар”: па яе правілах вучань павінен акампаніраваць “ілюстратару”, у ролі якога можа выступаць педагог. У дадзеным выпадку творчым партнёрам дзяўчыны стала яе маці Алена Анатольеўна Сазонава. Сямейны дуэт выканаў “брэндавы твор” нашага раёна “Я не магу пра вас забыцца” на верш Петруся Броўкі і песню “Стары раяль” з кінафільма “Мы з джаза”. Нумары былі ацэнены дыпломам лаўрэата першай ступені. Педагогі Паліны атрымалі Лісты падзякі.
– Удзел у падобных творчых выпрабаваннях – вельмі карысная справа, – упэўнена В.Э.Кароткая. – Гэта дае не толькі канцэртны вопыт, але і моцны стымул да ўдасканалення. А таму юным выканаўцам, якія ставяць перад сабой высокія мэты, проста неабходна выязджаць на рознага кшталту конкурсы. Сёлета мы адкрылі для сябе фестываль “Музычная капель” і мяркуем, што ўдзел у ім стане традыцыйным для ўшацкіх выканаўцаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку: В.Кароткая, П.Сазонава.