“Не забыць ім фабрыкі смерці…”

Источник материала:  
14.04.2018 — Разное

“Не забыць ім  фабрыкі смерці…”
Штогод, па рашэнні ААН, 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канц­лагераў. Гэта памятная дата з’явілася невыпадкова. Менавіта ў такі вясновы дзень 1945 года вязні Бухенвальда, даведаўшыся аб набліжэнні саюзных вой­скаў, узнялі ў лагеры ўзброенае паўстанне. У наш час гэты дзень стаў адначасова сімвалам найвялікшай трагедыі і смутку і сімвалам стойкасці і бяспрыкладнай мужнасці людзей розных нацый і народнасцей, якія воляй лёсу апынуліся ў засценках фашысцкіх лагераў смерці падчас Другой сусветнай вайны. Па сведчаннях гісторыкаў, на тэрыторыі Германіі і акупіраваных краін дзейнічала больш за 14 тысяч канцлагераў, турмаў і гета, раскіданых па ўсёй Еўропе. За гады вайны праз іх прайшлі каля 18 мільёнаў чалавек, з якіх больш за 11 мільёнаў былі знішчаны. У гэтым трагічным спісе знахо­дзіцца і Крычаўскі лагер смерці, які функцыянаваў на тэрыторыі цэментнага завода з дня захопу акупантамі горада да вызвалення — з 17 ліпеня 1941 па 30 верасня 1943 года. За час існавання праз яго прайшлі 35-40 тысяч чалавек. Штодзень у ім паміралі 60-70 вязняў, а ўсяго лагер забраў каля 24 тысяч жыццяў савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян.
Здаецца, так даўно гэта было. Але толькі не для тых, хто прайшоў скрозь жахі фашысцкіх катавальняў. Выжыўшым у лагерных засценках цяжка і невыносна ўспамінаць усё гэта: лагернікі, паміраючыя сотнямі і тысячамі ад голаду і хвароб, катаржная, да знямогі праца, збіенні, здзекі, пакаранні смерцю… Біяграфіі гэтых людзей – сапраўдныя ўрокі мужнасці для маладога пакалення, бо яны выжылі, выстаялі, не загінулі.
11 красавіка ў раённай дзіцячай бібліятэцы прайшла сустрэча пакаленняў “Памяць сэрца”, прысвечаная Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. На яе былі запрошаны старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Зінаіда Міхайлаўна Скачкова і былы малагадовы вязень нямецкіх канцлагераў Вольга Сяргееўна Вайцахоўская.
Распачалася сустрэча пад урачыстыя гукі “Рэквіема” Моцарта. Адкрываючы мерапрыемства, З. Скачкова адзначыла важнасць гэтай даты для памяці ўсіх пасляваенных пакаленняў. Расказала юным чытачам аб Крычаўскім лагеры смерці. Адзначыла, што цяпер у нашым горадзе пражываюць 36 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. Нагадала, што на Крычаўшчыне засталося толькі дзесяць франтавікоў. Таму цяперашняму маладому пакаленню трэба абавязкова ведаць кожнага, часцей сустракацца з імі, запрашаць на мерапрыемствы і, галоўнае, аказваць дапамогу.
Вайна і дзеці… Здаецца, гэтыя паняцці несумяшчальныя. Але ў вайны няма ўзросту, яна ўцягвае ў сваю жудасную кругаверць усіх: і старых, і малых… А яны былі проста маленькімі дзецьмі, якія жылі, не ўсведамляючы, чаго ім так блага. Яны жылі і пакутавалі разам з дарослымі. Вольга Сяргееўна Вайцахоўская – вязень трох фашысцкіх канцлагераў. У той час ёй было ўсяго толькі пяць гадкоў. Жыла іх сям’я ў Чарнігаўскай вобласці. У іх край уварваліся фашыс­ты. Адзін з першых загадаў акупантаў апавяшчаў – за 24 гадзіны прыгнаць жыхароў у Бровары. Людзі ра­зам з малымі дзецьмі ішлі пешшу 60 кіламетраў. Там, у лагеры, яны жылі пад адкрытым небам за калючым дротам цэлы месяц. Затым да лагера падагналі скатавозкі і людзей, нібы жывёлу, загналі у іх. Два тыдні везлі да Асвенцыма. У гэтым сумнавядомым канцлагеры фашысцкія вылюдкі пачалі сартаваць людзей. Старых і некаторых дзяцей адводзілі ў лазню, казалі, каб памыцца. На самой жа справе пускалі ў памяшканне смяротны газ, а трупы потым спальвалі ў спецыяльна пабудаваных печах, з труб якіх і ўдзень, і ўноч клубіўся чорны смуродны дым. Пасля сартавання сям’ю маленькай Вольгачкі павезлі ў другое жудаснае месца – канцлагер Дахау. Тут здзекі з людзей працягваліся далей, кармілі іх чым пры­дзецца: адходамі, памыямі… Але Вользе і такім жа, як яна, дзеткам давалі яшчэ па маленькаму кавалачку шакаладкі. Аднак не з-за чалавечай дабрыні – фашысты выкачвалі ў дзяцей кроў для сваіх параненых салдат. Дзесьці праз год сям’ю дзяўчынкі – маму, брата, сястру і яе – забраў землеўладальнік на сельгасработы. Здзекі працягваліся і там. Вольгачка, да прыкладу, збірала яблыкі, грушы, але ніводнага плоду нельга было нават пачаставаць – адразу пакаранне. Непадалёк былі Альпы, ім давалі біноклі, і яны глядзелі на працаўнікоў на палетках. Там кожную хвіліну чутны былі стрэлы – немцы кагосьці забівалі… Збаўленне прыйшло толькі ў 1945 годзе, калі ў гэтую мясцовасць прыйшлі амерыканцы.
Нават цяпер, праз дзясяткі год, не ўдалося загаіць усе раны, нанесеныя вайной. Памяць пра яе павінна захоўвацца, перадаючыся ад пакалення да пакалення, бо менавіта памяць дапамагае нам зразумець, якім коштам заваяваны мір на нашай зямлі. У гэты дзень – 11 красавіка — мы шануем усіх, хто вытрымаў пакуты фашысцкага пекла ў канцлагерах, хто выстаяў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Хвілінай маўчання ўшанавалі сабраўшыеся па­мяць усіх загінуўшых, закатаваных у лагерах смерці.
С. ДЗМІТРЫЕЎ.

←МАРТ продлил контроль над ценами на сахар еще на три месяца

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика