Люстрадзён на сёньня

Источник материала:  
14.04.2018 — Разное
Люстрадзён на сёньня

14 красавіка 1920 г. у в. Страшава каля Гарадка (цяпер Беластоцкае ваяводства, Польшча) нарадзіўся беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч Аляксей КАРПЮК.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сьцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам польскага ордэна «Віртуці Мілітары». Заслужаны работнік культуры БССР (1980 г.). Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1986 г.) за кнігу «Сучасны канфлікт». Лідар вольнадумнай інтэлігенцыі ў Гародні ў 1960-1980-х гг., падтрымліваў кантакты з пісьменнікамі-дысыдэнтамі ў СССР.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька быў сябрам КПЗБ. У 1934 г. скончыў семігодку і ў 1938-1939 гг. навучаўся ў польскай гімназіі ў Вільні, а пасля яе закрыцця ў 1939-1941 гг. — у Наваградскай педагагічнай навучальні (разам з У. Калесьнікам). У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. Падчас адной з дыверсій на чыгунцы ў канцы 1942 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф, што адаб’ецца на ягонай далейшай біяграфіі. Увосень 1943 г. уцёк з лагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 г. быў камандзірам партызанскага атрада імя К. Каліноўскага на Гарадзеншчыне. У 1944-1945 гг. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены, інвалід II групы. У 1947 г. уступіў у КПСС. Скончыў аддзяленне англійскай мовы Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1949 г.). Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага РАНА (1949-1951 гг.), дырэктарам Біскупцоўскай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951-1953 гг.). У друку дэбютаваў у 1953 г. аповесцю «У адным інстытуце». Член СП СССР з 1953 г. Працаваў у Гарадзенскім педінстытуце (1953-1955 гг.), у абласной газеце «Гроденская правда» (1955-1957 гг.), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1961 г. — загадчык агенцтва «Інтурыст» (Гародня), з 1965 г. — сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР, з 1970 г. — упаўнаважаны УААП па вобласці, у 1977-1981г. — дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гародні (адзін з самых нацыянальных па духу музэяў Беларусі ў савецкія часы). З 1978 г. — зноў сакратар Гарадзенскага аддзялення СП БССР, у 2-ой пал. 1980-х гг. актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Гародні: адзін з актывістаў БНФ, адзін з заснавальнікаў ЗБС «Бацькаўшчыны», меў цесныя кантакты з клубам «Паходня».

А.Карпюк вядомы як аўтар твораў пра жыццё Заходняй Беларусі ў 1-ай пал. 19 ст. — тэме, якая дазваляла ва ўмовах савецкай цэнзуры раскрываць некаторыя старонкі нацыянальнай гісторыі (аповесць «Данута», раман-быль «Вершалінскі рай» ды інш.). Вакол А.Карпюка ў Гародні ў 1960-1970-х гг. узнік своеасаблівы клуб вольнадумнай інтэлігенцыі. У розныя часы з гэтым асяродкам кантактавалі Васіль Быкаў, Данута Бічэль-Загнетава, Вольга Іпатава, Браніслаў Ржэўскі. Сам А.Карпюк пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з А. Салжаніцыным, які перадаў яму для магчымай публікацыі сваю п’есу «Свеча на ветру» ды апавяданні «Правая кисть» і «Как жаль!»; кантактаваў з сям’ёй Геніюшаў. Тэлефонныя размовы А.Карпюка пачалі праслухоўваць, у ягонай кватэры рабіліся тайныя вобыскі. Аднойчы нехта папярэдзіў пра мяркуемы вобыск — тады Карпюк знішчыў лісты А.Салжаніцына, самвыдат (напрыклад, раман Я.С.Гінзбург «Крутой маршрут» і г.д.). Паводле ўспамінаў жонкі Карпюка, «нелегальную прадукцыю… ўначы склалі і ўтапілі, … але нешта і захавалася».

20 чэрвеня 1969 г. старшыня КДБ СССР Ю. Андропаў накіраваў у ЦК КПСС сакрэтны ліст, дзе гаварылася: «Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях белорусских писателей — члена КПСС Карпюка и Быкова… Карпюк нелегально распространяет среди своих знакомых различные пасквили в виде книги Гинзбурга-Аксёнова «Крутой маршрут» и другие. Отрицательно воздействует на молодёжь… Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции ЦК компартии республики готовятся мероприятия, направленные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц». 21 красавіка 1972 г. А.Карпюк быў выключаны з КПСС па абвінавачванні ў нацыяналізме, кулацкім паходжанні, хлусні пра сваё мінулае — лагерныя дакумэнты (цяпер на месцы гэтага лагера, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, створаны музэй) былі сфальшававаныя афіцэрамі КГБ Фаміным і Клімовічам. У 1970-1972 гг. ня мог нідзе ўладкавацца на працу. А.Карпюк прабіваўся да П.Машэрава, і той дапамог яму — у красавіку 1973 г. А.Карпюку далі вымову (за выступы супраць афіцыйнай палітыкі партыі) і аднавілі ў партыі. Назіраньні за А.Карпюком усё адно працягваліся, але, як сведчаць сучаснікі, «не было ніводнага якога-небудзь прадстаўнічага пісьменьніцкага форуму ў Беларусі, дзе б не выступаў Карпюк… ён не саромеўся казаць праўду», «не было ни одного собрания в Союзе писателей, на котором не выступил бы Карпюк и не «врезал» бы по первое число какому-нибудь освиневшему главначпупсу — партийному или литературному». Сын А.Карпюка Іван напісаў у маі 1976 г. ліст, адрасаваны Андропаву, дзе гаварылася, што яму, выдатніку МІФІ, не даюць уладкавацца на працу, бо на ім нейкае таўро.

У 1989 г. А.Карпюк, актыўна праяўляе сябе як публіцыст — ён публікуе шэраг артыкулаў са сваёй трактоўкай, далёкай ад афіцыёзнай ацэнкі, падзеяў 1939 г. Бюро Гродзенскага абкаму КПБ прымае спецыяльную пастанову пра гэтыя артыкулы, дзе сцвярджаецца, што «Карпюком субъективно, односторонне показана освободительная миссия Красной Армии в сентябре 1939 года, по-своему трактуется отношение жителей к воинам и ход коллективизации в 40-50-е годы». Менавіта гэтая пастанова стала падставаю для напісання Васілём Быкавым артыкула ў абарону Карпюка. А.Карпюк стаў аб’ектам нападак у часопісе «Политический собеседник», дзе пра яго былі пададзеныя фальшывыя звесткі. Карпюк падаў у суд на аўтара артыкула і 2 красавіка 1991 г. выйграў працэс. Вярхоўны суд БССР 12 ліпеня 1991 г. пацвердзіў асноўныя пункты судовага выраку. 5 красавіка 1991 г. Карпюк выйшаў з КПСС, матывуючы гэта тым, што «разуверыўся ў прынцыпах марксізму-ленінізму ды прыйшоў да высновы, што ідэі яго ўтапічныя, …прыдуманыя бюракратамі ў кабінэтах», але партыйны білет пакінуў сабе «на памяць аб летуценьнях сваёй маладосьці».

Творы
Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Данута» (1960), «Мая Гродзеншчына» (нарыс, 1960), «Пушчанская адысея» (1964), «Чаго мы варты» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», 1970), «След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны» (1972), «Вершалінскі рай» (1974), «Ольга Корбут» (1977), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), «Сучасны канфлікт» (1985), «Дзве сястры» (казка, 1986), раман «Карані» (1988). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах у 1980 і 1990-1991 гг.. Выйшлі Выбраныя творы у «Беларускім кнігазборы» у 2007 г.

Памёр 14 ліпеня 1992 г.

Фота: kamunikat.org

←Samsung случайно сделал из сотрудников мультимиллионеров

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика