Пры падтрымцы прафсаюзаў
МАЙСТАР ЛЕСУ І… РЫБАЛКІ
У адзін з нядзельных дзён сакавіка заўзятых рыбакоў-лесаводаў паклікаў традыцыйны конкурс аматараў зімовай рыбалкі. Нязменна ён праходзіць на возеры Ляжанец (Прудское доследнае лясніцтва).
Было марозна і сонечна, але рыба, прадчуваючы імпэт паўтара дзясятка ўдзельнікаў конкурсу, клявала не вельмі ахвотна. Разам з тым, конкурс вызначыў тых, чый улоў багацейшы і хто найбольш удачлівы.
Першае месца заваяваў майстар лесу Акінчыцкага лясніцтва Канстанцін Піляк, улоў якога склаў 135 грам. Ва ўлове Канстанціна, дарэчы, знаходзіцца і самая вялікая рыбіна – акунёк вагою 48 грам. Другое месца прысуджана намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандру Шарапу, улоў якога толькі на пяць грам меншы. Трэцяе месца – у вадзіцеля пагрузчыка ВМУ «Акінчыцы» Анатоля Курылы. Ён жа стаў уладальнікам яшчэ дзвюх намінацый – «Самая першая рыбка» і «Самая маленькая рыбка».
Пасля ўзважвання і падлікаў у лесаводаў была агульная юшка і адпачынак на прыродзе. І хоць рыбацкая ўдача ўсміхнулася не ўсім удзельнкіам, але ніводны з іх, дзякуючы прафсаюзнаму камітэту Стаўбцоўскага лясгаса, не застаўся без прызоў і падарункаў. Падарункі, дарэчы, набыты вельмі карысныя – летнія вуды.
– Наступны раз думаем сабрацца на спартыўных спаборніцтвах, – падзяліўся бліжэйшымі планамі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа. – Многія нашы работнікі знаходзяцца ў камандзіроўках у Старобіне, Петрыкаве, таму трэба адшукаць такую магчымасць.
ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫ ПАТЭНЦЫЯЛ
Каманда Стаўбцоўскага лясгаса прыняла ўдзел у ІІІ абласным чэмпіянаце па інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?» сярод членаў прафсаюза работнікаў лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Сустрэча інтэлектуалаў праходзіла ў Мінскім дзяржаўным Палацы дзяцей і моладзі і сабрала 18 камандаў-удзельніц. Стаўбцоўскіх лесаводаў прадстаўлялі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа, інжынер па лесанарыхтоўках Дзмітрый Дорах, інжынер па падрыхтоўцы кадраў Марына Лобач, эканаміст Дзмітрый Панявін, памочнік ляснічага Кульскога лясніцтва Аляксандр Міхно і бухгалтар гэтага ж лясніцтва Марыя Міхайлава.
– Гульня была арганізавана ў два туры, – расказаў Аляксандр Шарапа. – Пасля першага тура мы былі трэцімі, пасля другога – восьмымі. Відавочна тое, што наш інтэлектуальны патэнцыял набірае сілу, таму ёсць спадзеў у наступным годзе з залатой сярэдзіны трапіць у пяцёрку мацнейшых.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ