Яе сустракаюць з радасцю
Бывае, што сталы чалавек застаецца сам-насам са сваім болем, страхамі, часта не маючы магчымасці выйсці за хлебам і лекамі. У такіх выпадках застаецца спадзявацца толькі на дапамогу сацыяльнага работніка. Для многіх ён з’яўляецца адзіным звяном сувязі са знешнім мірам, своеасаблівай аддушынай.
Для выканання сваіх абавязкаў сацыяльнаму работніку трэба мець шчырае сэрца, цярпенне, спагадлівасць, дабрыню і міласэрнасць, а яшчэ — пачуццё гумару, уменне наладзіць зносіны з людзьмі, слухаць іх, знаходзіць патрэбныя словы для падтрымкі. Усімі гэтымі якасцямі валодае сацыяльны работнік Святлана Ільінічна Грыгарэнка з в.Грабянец. Пад яе апекай 15 жыхароў ад 70 да 90 гадоў. І з кожным знаходзіць паразуменне. І хоць не карэнная яна жыхарка Чэрвеньшчыны (волей лёсу ім з сям’ёй давялося сюды пераехаць з Украіны), для яе гэтыя сталыя людзі за пяць гадоў работы ў сацыяльнай службе сталі ўжо роднымі.
Галоўнае ў нашай рабоце – добра ставіцца да сваіх падапечных, – распавядае Святлана Ільінічна. – Прыходзіць да іх з добрым настроем, бо для многіх важная не столькі дапамога, колькі магчымасць падзяліцца сваімі трывогамі, радасцямі і нягодамі. Ды і мне самой часам вельмі неабходная парада старэйшых, іх жыццёвая мудрасць.
Купіць прадукты, тавары першай неабходнасці, прынесці ваду, дровы, выпаліць у печы, прыбраць у хаце, дапамагчы прыгатаваць ежу, набыць лекі… Гэта асноўныя абавязкі сацыяльных работнікаў. Працоўны дзень – з 8 раніцы да 5-й гадзіны вечара. Але, як вядома, дабрыня і дапамога не могуць укладвацца ў графік, таму Святлана Ільінічна адгукаецца на ўсе просьбы сваіх старых і ў «нявызначаны час», і ў выхадныя дні. Бачыць, напрыклад, што адзінокім мужчынам цяжка самім гатаваць, дык прапануе сваю дапамогу: дранікаў насмажыць, украінскі боршч згатуе, яшчэ штосьці смачнае напячэ.
Падапечныя Святланы жывуць у розных вёсках – Забод, Скрабінка, Майзарова, Грабянец. Летам прасцей да іх дабірацца. А вось зімой… Але гэтыя нязручнасці ніколі не палохалі жанчыну, і яна з задавальненнем ідзе на сустрэчу са сваімі бабулькамі і дзядулямі.
У ліку яе падапечных – Марыя Васільеўна Апімашка з вёскі Грабянец. Яна заўсёды з радасцю адчыняе Святлане дзверы сваёй хаты. З нецярпеннем чакаю яе, — гаворыць Марыя Васільеўна. – Добразычлівая і ветлівая, яна заўсёды ў добрым настроі. За кожную работу бярэцца з душой. Робіць усё, што папрашу. Сілы ў мяне ўжо не тыя. Днямі споўнілася 85 гадоў. А з такой памочніцай, як Святлана Ільінічна, лягчэй жыць. Дай Бог ёй здароўя.
Кацярына Ільінічна Паслядовіч, таксама з Грабянца, зазначае:
— Хварэю зараз, доктара чакаю, і Святлана павінна падысці, з ёй мне спакайней. Яна і з доктарам лепш пагаворыць, я крыху недачуваю. Ды і лекі купіць мне, што доктар выпіша. Паесці прыгатуе. Смачна ў яе атрымліваецца. Дзякуй ёй за ўсё.
Як адзначыла інспектар па асноўнай дзейнасці Чэрвеньскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Маркоўская, усе падапечныя Святланы Грыгарэнка аднадушныя – менавіта такі чалавек патрэбны у сацыяльнай службе. З гэтым згодна і кіраўніцтва Чэрвеньскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Фотаздымак Святланы размешчаны на Дошцы гонару ўстановы.
Вольны ад работы час, якога надараецца вельмі мала, Святлана стараецца прысвяціць дому, сям’і. Разам з мужам Віталем Віктаравічам яны выгадавалі пецярых дзяцей. Старэйшы сын Аляксей скончыў Мінскі аўтамеханічны каледж, працуе ў Мінску ў “Мінсктрансе”, двое хлопцаў-блізнят – Валянцін і Віталь – вывучыліся ў машынабудаўнічым каледжы, таксама працуюць: адзін у “Мінсктрансе”, другі – на трактарным заводзе. Дзве меншыя дачушкі — дзесяцігадовая Міраслава і сямігадовая Мар’яна – вучацца ў СШ№3 г.Чэрвеня. Калі збіраюцца ўсе разам, яны дапамагаюць маме па гаспадарцы.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара