Чаму загінулі мужчына і жанчына ў Сельцы?...

Источник материала:  
12.04.2018 — Разное
Чаму загінулі мужчына і жанчына ў Сельцы?...
Незвычайна трывожная аператыўная абстаноўка з пажарамі і гібеллю ад іх людзей склалася ў нашым раёне літаральна з пачатку года. Па стане на 1 красавіка ў населеных пунктах раёна зарэгістравана 28 вогненных здарэнняў, на якіх загінулі пяць чалавек. Летась 28-мы пажар быў зарэгістраваны ў ліпені. Матэрыяльныя страты ад сёлетніх пажараў склалі болей за мільён рублёў. Пажары з трагічным зыходам адбыліся ў вёсках Волька, Верашкі, Селец і г. п. Целяханы.

Адразу два чалавекі загінулі пад час начнога пажару ў в. Селец. Зрэшты, пажары з гібеллю людзей, як правіла, здараюцца позна ноччу ці бліжэй да світання. У любым выпадку негатыўна адбіваецца позняе выяўленне такіх пажараў, калі вяскоўцы прачынаюцца і бачаць палаючы дах і чуюць трэск шыферу. У час пажару ў Сельцы загінуў мужчына, 1966 года нараджэння, і яго сужыцелька, 1981 года нараджэння, інвалід 1-й групы. Гэтыя грама-
дзяне неаднойчы за сваё сумеснае жыццё былі пагарэльцамі, нават жыллё змянілі пасля пажару. Што тычыцца прапаленых коўдраў ці матрацаў, то ім няма і пераліку. Уявіце сабе, калі зможаце, што курыць, лежачы на ложку, чалавек з захворваннем апорна-рухальнага апарату, што азначае, мякка кажучы, істотную абмежаванасць любога руху. Пры гэтым, нярэдка жанчына знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення. Выпівалі яны разам, удваіх, што называецца – па-ціхаму. Вось і днём перад пажарам загінуўшы набыў тры бутэлькі віна, пабочных гасцей не было, а значыць, зноў распілі на дваіх. 

Жыллё гэтых небаракаў было пад пастаянным кантролем і выратавальнікаў, і прадстаўнікоў мясцовай улады. Інспектары ІНіП райаддзела па надзвычайных сітуацыях былі частыя наведвальнікі дома загінуўшых. Было нават і такое, калі ўвайшоўшы ў хату і ўбачыўшы нецвярозую, хворую жанчыну, якая ляжала і курыла, інспектар не сцярпеў і склаў адміністрацыйны пратакол на злосную парушальніцу правілаў пажарнай бяспекі. Сума штрафу была сімвалічнай, бо яна ж – інвалід, аднак і гэта не аказала на свядомасць жанчыны аніякага ўплыву. У хаце быў усталяваны аўтаномны апавяшчальнік, а звонку – святло-гукавое прыстасаванне. Аднак пажар адбыўся а трэцяй гадзіне ночы, і сігналу ніхто з вяскоўцаў не чуў, не бачыў…

Літаральна на наступны дзень а шостай гадзіне ранку машыны выратавальнікаў прымчалі па трывожным выкліку да аднаго з шматкватэрных дамоў па вул. Чарткова ў райцэнтры. Гаспадар кватэры, 1967 г. н., як высветлілася, жыў у кватэры адзін,  нідзе не працаваў. Пасля ўскрыцця ўваходных дзвярэй кватэры, з якой інтэнсіўна валіў дым (заўважылі дым суседзі, адразу ж выклікалі пажарных), звяном газадымаахоўнай службы на падлозе ў калідоры быў знойдзены і вынесены выратавальнікамі гаспадар і перададзены брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. Ён быў шпіталізаваны з дыягназам “атручванне прадуктамі гарэння” ў райбальніцу. 

І на гэты раз прычына здарэння крыецца ў нецвярозым курэнні. Не складана ўявіць, чым закончыўся б гэты пажар, калі б не пільныя суседзі ці калі б пажар разгарэўся гадзінай-другой раней, калі жыхары дома моцна спалі, а не збіраліся ўжо на працу…
На ўліку ў райаддзеле па НС лічыцца 450 грамадзян, якія жывуць адны, кураць і маюць схільнасць да злоўжывання спіртнымі напоямі. Часта на іх існаванне ўсе сваякі (калі ёсць) махнулі рукой. Аднак іх дамы і кватэры тыя ж прадстаўнікі раённай службы выратавання наведваюць штомесячна, робяць заўвагі, перасцерагаюць, ушчуваюць, некага штрафуюць. І ўсё роўна, як вынікае з трагічных вогненных здарэнняў, не дапамагае. 
Больш за 20 чалавек гэтай катэгорыі ўжо змешчаны на прымусовае лячэнне ў ЛПП. І гэта ў некалькі разоў болей, чым летась.

 І дзяржава ў цэлым, і прадстаўнікі службаў, зацікаўленых у бяспецы людзей, робяць усё магчымае, каб бяспека гэтая была на самой справе. Аднак вельмі складана, нават недзе і зусім немагчыма, дастукацца да свядомасці чалавека, каб ён нарэшце ўзяўся за розум. Пагадзіцеся, да кожных дзвярэй пажарнага ці міліцыянера не прыставіш, а кожны чалавек павінен не толькі клапаціцца аб уласнай бяспецы, але і аб бяспецы сваіх родных. Апошнія могуць і павінны станоўча ўздзейнічаць на выпраўленне сітуацыі, якая часта складваецца ў жыллі адзінока пражываючага курца-выпівакі. Ён жа нечый сын, брат, бацька…
В. Молош, ст. інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.
←Хоккейная команда Лукашенко победила ветеранов ярославского «Локомотива»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика