Пункт погляду журналіста: Родны парог

Источник материала:  
11.04.2018 — Разное

Пункт погляду журналіста: Родны парогМаленькая радзіма. Яна адна, і здрадзіць ёй немагчыма. І куды б ні завяла жыццёвая дарога, у думках і наяву вяртаемся да любімага куточка.
Дарога дамоў
Колькі б кіламетрамі яна ні вымяралася, заўсёды жаданая. Некаторыя мяркуюць, калі жывеш бліжэй да родных мясцін, можаш часцей наведвацца. Нейкая доля праўды ў гэтым ёсць: траціцца менш часу на шлях ды грошай на білет. Ёсць адданыя сваёй маленькай радзіме — яны жывуць за сотні кіламетраў, але прыязджаюць і падтрымліваюць бацькоўскі дом і падворак у добрым стане.
Наша душа прагне наталіцца роднымі краявідамі. Нездарма існуе меркаванне: дома дыхаецца лягчэй. Тут знаёмы кожны куточак і кожная сцяжынка. Вось толькі дрэвы выраслі, а мы пасталелі, на рэчы зараз глядзім па-іншаму. Хаця тыя ж іскрынкі ў вачах і вялікае жаданне дакрануцца душой да ўсяго роднага і блізкага.
Старыя сябры
— Давай згуляем у лапту, — пачула нечакана голас, калі ўвіхалася ля бацькоўскай хаты. Так жартаўліва прывітаўся сусед-аднагодак. Ён са сваёй сям’ёй зараз жыве ў сталіцы і прыязджае наведаць састарэлых бацькоў. Гэта быў далёка не той рухавы і гарэзлівы хлапчук, якога ведала ў дзіцячыя гады, а сур’ёзны мужчына, які прызнаўся, што мае сваю справу і шмат унукаў.
Сябрам дзяцінства заўсёды радуемся. Яны ўскалыхнуць наша сэрца, і яшчэ доўгі час жывём гэтымі сустрэчамі. Успамінаецца сяброўка дзяцінства, якая прынесла паштоўкі са школьных гадоў. У тыя хвіліны яны падаліся нам сапраўдным скарбам, і мы перачытвалі іх некалькі разоў, здзіўляліся дзіцячаму почарку, па-добраму радаваліся.
Святое месца
Прыехаць у родную вёску асаблівых цяжкасцей не складае. Ад цэнтральнай шашы Карэлічы — Мір трэба прайсці пешшу да бацькоўскай хаты чатыры кіламетры (на мышыне гэта зрабіць зручней). Хаця яшчэ ёсць адна адметнасць: у мясцовай царкве на вялікія святы вядзецца служба. Калі ідзеш з гасцінца, то пры падыходзе да вёскі чуваць, як звоняць званы. Нешта ёсць у гэтых гуках высокае і чыстае. Праходзячы ля святыні, хочацца спыніцца, падумаць пра каштоўнасці на зямлі.
Непадалёку мясцовыя могілкі.Трэба аддаць належнае землякам: тут наведзены належны парадак. Памяць і павага да продкаў — адзін з абавязкаў, які яны выконваюць. Шчымліва на сэрцы пры наведванні святога месца: з помнікаў глядзяць людзі, якіх добра ведаў. Трэба далей усё рабіць для таго, каб сцяжынкі да магіл продкаў не зараслі.
Яблыневы сад
Куды б мы спяшаліся, каб не было бацькоўскага дома? Дзе б нас сустракалі вясной сваёй квеценню яблыні, грушы, слівы, вішні, калі не на роднай зямлі? Куды б ехалі нашы дзеці?
Родны парог, як абярэг, сагравае ў хвіліны роспачы і тугі. Пераступіш яго — ізноў дома. У хаце — ціха, спакойна. Усё роднае, блізкае сэрцу. На сценах — фотаздымкі продкаў. У чырвоных кутках — абразы, якія матуля ў свой час укрывала вышываным рушніком. Родных людзей, на вялікі жаль, няма. Бацькоўскі дом стаіць, і вокны яго глядзяць у малады яблыневы сад. Яго пасадзіла разам з дзецьмі. Ён расце, а некалі з’явяцца і першыя яблычкі. Жыццё прадаўжаецца…
Галіна СМАЛЯНКА.

←Беларусь расписная: в сельхозпредприятии «приписали» дойное стадо

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика