Сесія раённага Савета дэпутатаў 28 склікання адбылася ў смаргонскім райвыканкаме: Ёсць пытанні да арандатараў вадаёмаў
Потым былі разгледжаны вынесеныя на парадак дня пытанні. Намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў быў выбраны дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Станкевіч, створаны тры пастаянныя дэпутацкія камісіі – па законнасці, эканоміцы і бюджэце, сацыяльных пытаннях.
Не задавальняе мясцовую ўладу эфектыўнасць выкарыстання арэндуемых водных аб’ектаў. На некаторых з іх патрабуюць рамонту гідратэхнічныя збудаванні, не належным чынам выконваецца рэжым гаспадарчай, іншай дзейнасці ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах. Гаррайінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя перыядычна выяўляе і спыняе выпадкі парушэнняў правілаў вядзення рыбалоўства і рыбагадоўлі. Таму работа арандатараў была прызнана недастатковай. Да 1 мая яны павінны прадаставіць ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання план мерапрыемстваў па выкарыстанні паверхневых водных аб’ектаў для рыбагадоўлі.
Размова ішла і аб ходзе выканання дагавора куплі-продажу дзяржаўнага прадпрыемства “Крэва”. Як адзначыў старшыня райвыканкама Генадзь Харужык, крыху больш чым за год ТАА “Дэйрыфарм” ужо ўклала даволі буйную суму грошай у пакупку новай тэхнікі, аб’ектаў нерухомасці, рэканструкцыю фермаў.
Начальнік ДРБУ-134 Аляксандр Сідаровіч расказаў аб прывядзенні ў парадак дарог у раёне, пачынаючы ад збору смецця і заканчваючы пафарбоўкай усіх дарожных пабудоў. Работы ўжо выконваюцца і, па меркаванні кіраўніка раёна, павінны быць закончаны да канца гэтага месяца.
Дэпутат, намеснік дырэктара лясгаса Андрэй Пятроўскі, паведаміў аб акцыі “Тыдзень лесу”, якая штгод праходзіць у Беларусі і мае на мэце аднаўленне лясоў, якія былі пашкоджаны насякомымі-караедамі. Андрэй Зянонавіч запрасіў дэпутатаў паўдзельнічаць у гэтай акцыі.
Таксама аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні, таму начальнік ЖРЭСа Дзмітрый Станкевіч звярнуўся з просьбай да калегаў-дэпутатаў, каб яны паўдзельнічалі і ў гэтым важным мерапрыемстве. Неабходна навесці парадак каля шматпавярховых дамоў. ЖРЭС праінфармуе аб гэтым жыльцоў, выдзеліць інвентар і тэхніку. Работнікі гэтай камунальнай службы ўжо працуюць на добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый у горадзе.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.