Галоўнае – любіць лес

Источник материала:  
11.04.2018 — Разное

Галоўнае –  любіць лес
“Лес люблю з дзяцінства, пастаянна хадзілі па грыбы, ягады, на лыжах каталіся, ды і проста цікава на прыро­дзе. Гэта зараз дзеці ў інтэрнэце сядзяць, раней такога не было”, – падзяліўся ляснік-вальшчык Чырванабудскага лясніцтва Сяргей Бусуматараў. Даглядае лес ён ужо 12 гадоў. Сёння ў яго абхо­дзе – больш за 1000 га. Зімой участкі аб’язджае на кані, у цёплую пару – на матацыкле. Ды і пешшу, бывае, нямала кіламетраў намотвае. “Летам выходжваеш ладнага”, – сказаў суразмоўца. У лясніцтва трапіў дзякуючы свайму аднавяскоўцу (Сяргей Ільіч жыве ў Сакольнічах) і старэйшаму таварышу Уладзіміру Ратабыльскаму, які казаў: “Пайду на пенсію, а ты на маё месца, каб быў у вёсцы свой ляснік”. Ён жа дапамагаў асвоіцца ў новай справе, даў, па словах суразмоўцы, азы прафесіі.
Да лясніцтва Сяргей Бусуматараў рабіў у будаўніча-мантажным упраўленні, 15 гадоў аддаў мясакамбінату, затым уладкаваўся на цэментны завод. Словам, фізічнай працы мужчына ніколі не цураўся. А па прафесіі – вадзіцель, пайшоў па бацькоўскіх слядах. Пра сваю цяперашнюю справу кажа: “Цяжкая і небяспечная праца”. Але любіць яе ўсёй душой, прызнаецца: “Нават калі знаходжуся ў водпуску, усё роўна іду ў лес – адпа­чыць, проста прайсці, паглядзець, ці ўсё нармальна. Цягне”. Абавязак лесніка – пасадка маладых дрэў і іх догляд: абкошванне, прарэджванне… З надыходам вясны пачынаецца пажаранебяспечны перыяд. Леснікі манітораць пажаранебяспечныя ўчасткі, сочаць, каб не ўзнікалі ачагі ўзагарання, развешваюць проціпажарныя аншлагі. Сяргей Ільіч па гэтым пытанні кантактуе з аднавяскоўцамі, каб яны паведамлялі пра ўбачаны дым, узгаранне. Часам здараецца і пажар тушыць. Калі трэба, на дапамогу прыхо­дзяць калегі. “Калектыў у нас доб­ры, згуртаваны”, – кажа суразмоўца. Таксама ляснік ахоўвае лес ад незаконных парубак, со­чыць за захаваннем чысціні, ро­біць санітарныя высечкі, нарыхтоўвае драўніну.
Каб добра спраўляцца з абавязкамі, ляснік павінен сумленна адносіцца да працы, быць уважлівым, фізічна моцным і вынослівым, бо працаваць трэба і ў холад, і ў спёку. Галоўнае ж – работнік лесу павінен любіць прыроду. Ляснічы Чырванабудскага лясніцтва Антон Раманенка характарызуе Сяргея Бусуматарава як чалавека добрага, чулага, таварыскага, заўсёды гатовага прыйсці на дапамогу. “Я пілую з 8 гадзін раніцы. Вам бы захацелася яшчэ тыя грыбы збіраць?” – адказвае мужчына, калі нехта цікавіцца, ці ёсць грыбы. А дома чакае яшчэ і гаспадарка, летам – агарод з парнікамі, бульбай… “Усё сваё”, – заўважае мужчына. Жонка Алена, з якой былі знаёмыя яшчэ са школы, робіць швачкай. Выхавалі трох дзяцей. Ды і сам Сяргей Ільіч вырас у шмат­дзетнай сям’і, у якой, акрамя яго, былі яшчэ тры сыны. “На святы збіраемся сем’ямі, трымаемся разам, дапамагаем адзін аднаму”, – расказаў ён. І галоўнае – каб родныя і блізкія людзі былі здаровыя. На яго думку, грошы можна зарабіць, але здароўе за іх не купіш.
“Каля лесу жыць – галоднаму не быць”, – кажа прыказка. Так, сапраўды, лес спакон вякоў з’яўляецца нашым карміцелем, а яшчэ ахоўнікам, будаўніком, ды і проста цудоўным месцам адпачынку. Летам дрэвы хаваюць ад спёкі, абдорваюць ягадамі, грыбамі, восенню здзіўляюць золатам лістоты, зімой – срэбрам, а вясной радуюць першай зеленню. І наша задача – берагчы гэту прыгажосць, гэта сапраўднае багацце.
Анжэліка Саўчанка.

←Открываются весенние ярмарки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика