Дзе нарадзіліся, там і спатрэбіліся
Таццяна і Станіслаў Мароз працуюць на МТФ «Рочавічы» аднайменнага таварыства. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена работай жывёлаводаў, яны старанныя і добрасумленныя працаўнікі. Таццяна Канстанцінаўна амаль чвэрць стагоддзя рупіцца аператарам машыннага даення. У гэтай прафесіі ёй не займаць умення і спрытнасці. Жанчына расказвае, што напачатку ўпраўляцца з жывёлай ёй было нялёгка, але праз некаторы час асвоілася, набыла вопыт. Цяпер няма ніякіх праблем. Побач шчыруе муж, які пры неабходнасці дапамагае.
Станіслаў Казміравіч працуе даглядчыкам-пастухом: у зімова-стойлавы перыяд кароў корміць, а летам пасвіць. Стаж работы ў Марозаў практычна аднолькавы. Людзі яны працавітыя, старанныя. Абое з адной вёскі, з Кунашоў. Уступілі ў шлюб і купілі дом на сваёй малой радзіме, які адрамантавалі і дабудавалі. Тут пастаянна і жывуць: дзе нарадзіліся, там і спатрэбіліся. У сям’і трое дзяцей. Старэйшая дачка замужам, падарыла бабулі з дзядулем унучку. Сын і малодшая дачка пасля заканчэння школы паступілі вучыцца. Муж і жонка – добрыя гаспадары. Трымаюць на падвор’і карову і розную іншую жыўнасць.
А пачынала Таццяна Канстанцінаўна сваю працоўную дзейнасць загадчыцай сталовай, аднак вярнулася дадому. І Станіслаў Казіміравіч не адразу прыйшоў у жывёлагадоўлю – быў паляводам, слесарам у рамонтнай майстэрні. А разам Марозы пачалі працаваць на свінаферме, пасля закрыцця якой і перавяліся на малочнатаварную. Бацькі іх таксама ў калгасе працавалі і прывілі дзецям любоў да роднай зямлі.
У рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» Таццяна і Станіслаў Марозы за добрасумленную і шматгадовую працу ў жывёлагадоўчай галіне атрымалі сёлета падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункі.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара