Задача – пасеяць за дзесяць дзён
У ААТ «Агранёманскі», дзе хлебаробы з году ў год атрымліваюць высокія ўраджаі ўсіх сельскагаспадарчых культур, паступова разгортваюцца веснавыя палявыя работы. На мінулым тыдні працаўнікі таварыства прыступілі да закрыцця вільгаці, падрыхтоўкі глебы, падкормкі азімых збожжавых культур і рапсу. На дзень наведвання гаспадаркі вопытны механізатар Казімір Дамброўскі працаваў з культыватарам на полі за вёскай Залужжа. Сёлетняя пасяўная ў працоўнай біяграфіі Казіміра Станіслававіча сорак шостая, але такой перавільготненай глебы ў гэты час, калі на трактары са спаранымі коламі не ўсюды можна праехаць, не прыпамінае.
– Па гэтай прычыне і не можам пачаць масавыя палявыя работы, – дадае намеснік дырэктара Іван Скварчэўскі. – Вада не хоча прасочвацца ў глебу, бо зямля мёрзлая і на палях, якія не паспелі заараць з восені з-за позняй уборкі кукурузы і цукровых буракоў, яна яшчэ нават стаіць на паверхні. Вільгаці многа, таму стараемся хутчэй яе закрыць. Гэта для нас самая галоўная і на даны момант праблемная задача, бо ад таго, наколькі своечасова паспеем выканаць даную тэхналагічную аперацыю, будзе залежаць ураджай. Пастараліся, як і ў мінулыя гады, закласці пад яго добры падмурак.
Падкормліваюць у гаспадарцы азімыя збожжавыя, якія размясціліся на 1200 гектарах, на спецмашыне «Раса» шчыруе Уладзімір Астахновіч. Для падкормкі шматгадовых траў і пашаў задзейнічаюць раскідвальнікі цвёрдых мінеральных угнаенняў, на якіх працуюць Аляксей Пальчык і Віктар Семянько. На падрыхтоўцы глебы заняты Арцём Дарашэвіч, падключацца Мікалай Ложкін і Сергей Байко.
У таварыстве сёлета запланавана пасеяць тысячу гектараў яравых збожжавых і зернебабовых, 500 – цукровых буракоў, 600 – кукурузы, па 250 гектараў аднагадовых і шматгадовых траў. З пасяўнымі агрэгатамі, як і ў мінулыя гады, выйдуць ў поле Дзмітрый Сагайдакевіч і Казімір Дамброўскі. Пры неабходнасці задзейнічаюць і трэці. Для сяўбы аднагадовых і шматгадовых траў на лінейцы гатоўнасці травяныя сеялкі, з якімі працуюць Міхаіл Мазюкевіч і Уладзімір Дрозд.
– Пасеяць раннія яравыя збожжавыя нам неабходна ў самыя сціслыя тэрміны – за дзесяць дзён, – гаворыць Іван Іванавіч. – Павінны справіцца. Тэхніка ў гаспадарцы надзейна адрамантавана. Насеннем забяспечаны поўнасцю. На людзей спадзяюся – не падвядуць, вось толькі б надвор’е было спрыяльным.
На здымках: вопытны араты Казімір Дамброўскі; карэкціруюць план работы (злева направа) аграном вытворчага ўчастка Аляксандр Якімаў, аграном-аграхімік Аляксандр Булаш і вадзіцель Уладзімір Астахновіч; сейбіт Дзмітрый Сагайдакевіч; На падкормцы азімых – спецмашына «Раса».
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара