Абласны конкурс “Скокі ва ўсе бокі” сёлета адбудзецца ў Смаргоні
Цёплай веснавой парой сёлета лепшыя танцоры амаль з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці збяруцца ў Смаргоні, каб прыняць удзел у абласным конкурсе танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі”. Гісторыя конкурса бярэ свой пачатак у 2001 годзе, калі ён адбыўся ўпершыню ў Карэлічах і быў накіраваны на падтрымку танцавальных калектываў вобласці. Па традыцыі, у конкурсе спаборнічаюць удзельнікі ў двух узроставых катэгорыях па наступных намінацыях: беларускі і народны танец, сучасная харэаграфія. З 2009 года ў конкурсе прымаюць удзел як калектывы, маючыя добры творчы вопыт, так і дэбютанты, якія робяць першыя крокі на абласной танцавальнай сцэне. За час свайго існавання конкурс “Скокі ва ўсе бокі” стаў для яго ўдзельнікаў месцам творчага супрацоўніцтва, ён садзейнічае ўзбагачэнню рэпертуара беларускай танцавальнай спадчынай і лепшымі ўзорамі сучаснай харэаграфіі.
Чакаем прыхільнікаў гэтага прыгожага жанра мастацтва 21 красавіка ў дзяржаўнай установе культуры “Смаргонскі раённы цэнтр культуры”. Пачатак конкурсу ў 12.00 гадзін, уваход вольны.