Папярэдзіць забойства

Источник материала:  
10.04.2018 — Разное

Выкананне Чэрвеньскім раённым аддзелам унутраных спраў і мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады заканадаўства па папярэджанню забойстваў, наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у тым ліку тых, што пацягнулі па неасцярожнасці смерць пацярпелых, і злачынстваў у сямейнай сферы разгледжаны на чарговым пасяджэнні раённай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

Папярэдзіць забойства
Удзел у ім бралі пракурор раёна Аляксандр Шабалінскі, старшыня раённага суда Наталля Тарасік, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Саўковіч і намеснік начальніка раённага аддзела следчага камітэта Яўген Сіняўскі, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, кіраўніцтва Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
На пасяджэнні заслухалі інфармацыю начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Чэрвеньскага РАУС Аляксандра Семчанкі. Гаворачы пра крымінагенную абстаноўку ў рэгіёне, якая склалася летась, ён, у прыватнасці, звярнуў увагу на істотны рост колькасці забойстваў (у 2016 годзе – 1, у 2017 – 4). Тры такія злачынствы былі ўчынены асобамі, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане.
Папярэдзіць забойстваРаспавядаючы пра выпадак забойства жыхара Чэрвеня, Аляксандр Семчанка выказаў меркаванне, што трагедыі магло і не здарыцца, калі б асобу, якая ўчыніла злачынства, своечасова змясцілі ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Паводле яго слоў, міліцыя прымала адпаведныя меры. Аднак мужчыне, які чатыры разы здзяйсняў правапарушэнні ў нецвярозым стане і знаходзіўся на прафілактычным уліку, пры праходжанні першай урачэбнай камісіі ўрач-нарколаг райбальніцы не паставіў дыягназ “сіндром алкагольнай залежнасці”.
Падрабязна быў абмеркаваны на нарадзе і выпадак забойства ў аграгарадку Заполле, дзе мясцовая пенсіянерка загінула ад рук сына. Аляксандр Семчанка зазначыў, што тут навідавоку як недапрацоўка ўчастковага інспектара, які не валодаў інфармацыяй аб тым, што сын перыядычна збівае маці (па выніках праверкі на інспектара накладзена спагнанне), так і работнікаў сельвыканкама, якія павінны дапамагаць міліцыі звесткамі пра бытавы гвалт у сем’ях, асабліва ў адносінах да пажылых людзей.
Як праінфармаваў Аляксандр Семчанка, зараз на прафілактычным уліку ў Чэрвеньскім РАУС знаходзяцца 147 жыхароў раёна, якія тры і больш разоў здзяйснялі правапарушэнні ў нецвярозым стане, і 45 асоб, схільных да правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін (двойчы здзяйснялі правапарушэнні ў адносінах да членаў сям’і або блізкіх сваякоў). Сёлета ў першым квартале за прычыненне фізічных або маральных пакут членам сям’і да адказнасці прыцягнулі 26 асоб – амаль удвая больш, чым за такі ж час летась. 70 асоб атрымалі афіцыйныя папярэджанні за першае і другое правапарушэнні, здзейсненыя ў нецвярозым стане. З пачатку года 13 жыхароў раёна накіраваныя ў ЛПП.
Пры выбыцці на сямейна-бытавыя канфлікты супрацоўнікі РАУС са згоды пацярпелых інфармуюць Чэрвеньскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для аказання ім дапамогі псіхолага (пры гэтай арганізацыі таксама працуе пакой для ахвяр гвалту). А ўсіх сямейных скандалістаў дастаўляюць у аддзел і змяшчаюць у ізалятар часовага ўтрымання.
На праблемных момантах ва ўзаемадзеянні паміж праваахоўнымі органамі і зацікаўленымі арганізацыямі, мясцовай выканаўчай уладай засяродзіліся падчас абмеркавання пытання старшыня раённага суда Наталля Тарасік, дырэктар Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова, старшыня Лядзенскага сельвыканкама Алена Гамеза і старшыня Смілавіцкага сельвыканкама Уладзімір Кулагін.
Падсумоўваючы вынікі пасяджэння, пракурор раёна Аляксандр Шабалінскі зазначыў, што ўсе заўвагі і прапановы, якія прагучалі на ім, будуць абагульнены ў пратаколе каардынацыйнай нарады.
Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

←На площади Победы велосипедист столкнулся с автомобилем. Видео (видео)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика