Беларус “у глыбокай дэпрэсіі” зладзіў перастрэлку з італьянскай паліцыяй
Фота з адкрытых крыніцаў
У Італіі 30-гадовы вадаправодчык, ураджэнец Беларусі, зладзіў перастрэлку з карабінерамі. Мужчына патлумачыў, што ткім чынам хацеў скончыць жыццё самагубствам, піша Tut.by са спасылкай на La Stampa і La Repubblica.
Беларус Віталь А., жыве ў Гасіна-Тарынэзэ непадалёк ад Турына. Уначы 6 красавіка ён некалькі разоў стрэліў у патруль карабінераў, а затым паспрабаваў уцячы ад іх на аўтамабілі.
Падчас пераследу ён некалькі разоў адкрываў агонь у бок паліцыі, карабінеры ў адказ сталі страляць па колах машыны.
Пасля працяглай пагоні аўтамабіль з прабітым колам быў заблакаваны карабінерамі і дарожнай паліцыяй на выездзе з шашы. Падчас затрымання беларус не супраціўляўся. У інцыдэнце ніхто не пацярпеў.
Паліцыя абшукала машыну беларуса і знайшла там паўаўтаматычны пісталет з халастымі патронамі. Таксама ў машыне была запіска, у якой мужчына паведамляў пра сваё жаданне памерці ў перастрэлцы з паліцыянтамі і загадзя прасіў у іх прабачэння.
Паводле італьянскіх СМІ, беларус знаходзіцца ў стане глыбокай дэпрэсіі.