Да Уваскрасення Хрыстовага

Источник материала:  
08.04.2018 — Разное

Да Уваскрасення Хрыстовага

ПАСХАЛЬНАЕ ПАСЛАННЕ

«Прыйдзіце, спазнаем новага плоду вінаграднай лазы, Божай радасці, у хвалебны дзень уваскрасення, і прымем удзел у Царстве Хрыста, апяваючы Яго, як Бога, назаўжды».

(Трапар пасхальнага канона)

Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры!

Выконваючы шматвекавую традыцыю, з вялікай радасцю ў сэрцы вітаю вас словамі: «ХРЫСТОС УВАСКРЭС!»

У гэтых, здавалася б, простых словах, выказана ўся наша вера: «Калі Хрыстос не ўваскрэс, то і пропаведзь наша дарэмная, дарэмная і вера ваша» (1 Кар. 15;14), перасцерагае апостал Павел.

Мы зноў спадобіліся сустрэць Пасху Хрыстову і стаць сведкамі Уваскрасення Госпада нашага Іісуса Хрыста. Гэты пасхальны цуд назаўжды змяніў ход гісторыі, гісторыі зносін Бога і чалавека. З часоў Ахвяры, якая збавіла нас, нам адкрыта новая эра, у якой Хрыстос Спасіцель чакае ў свае нябесныя палацы кожнага з людзей. Гасподзь раскрыў нам Свае абдымкі і нам трэба зрабіць усяго толькі крок Яму насустрач. Варта толькі ўпусціць у сваё сэрца Бога, і тады «ні сённяшняе, ні будучае, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай» (Рым. 8:38-39).

У дні велікоднага перыяду мы ў захапленні вітаем адзін аднаго словамі «Хрыстос Уваскрэс!» І, ад перапаўнення гэтай радасцю, ні ў кога не ўзнікае сумневу ў тым, што смерць пераможана. Наперадзе — толькі жыццё будучага веку. «Хрыстова Уваскрасенне стала жыццём і вызваліла ад грахоў тых, хто верыць у Яго, каб яны жылі ў Богу і прыносілі плады праўды», — кажа прападобны ава Ісаія. Сваім подзвігам, які збавіў нас, Сын Божы праклаў нам шлях у Царства Нябеснае. Па словах свяціцеля Філарэта Маскоўскага: «Да Уваскрасення Хрыстовага многія людзі ведалі толькі зямлю, на якой яны з’яўляюцца на кароткі час і неўзабаве знікаюць, невядома куды. Іншыя нешта чулі яшчэ пра пекла, як пра прорву, якая ўсіх пагражае паглынуць і нікога не аддае назад. Нямногія падумвалі пра Неба, як пра нейкае жыллё ўвышыні, да якога нехта толькі ў сне бачыў лесвіцу, і толькі такую, па якой узыходзілі Ангелы Божыя, а людзей не было відаць» (Быц. 28:12). Зараз, калі Хрыстос уваскрэс і калі Яму, як Богачалавеку, дадзена «ўсялякая ўлада на небе і на зямлі» (Мф. 28:18), неба не толькі зрабілася дасягальным, але нават з’ядналася з зямлёй так, што цяжка знайсці паміж імі мяжу і адрозненне, бо і на зямлі з’яўляецца Бажаство, і на небе чалавецтва».

З’яўляючыся паўнатою адкрыцця пра Бога і пра Царства Нябеснае, Уваскрасенне Хрыстова раскрывае нам вобраз адзінства адзін з адным у Хрысце Уваскрэслым. Таму ў сваіх богаслужэбных тэкстах Праваслаўная Царква з асаблівай радасцю і захапленнем услаўляе Таго, хто «ўваскрэс, і ажыў, каб уладарыць і над мёртвымі і над жывымі» (Рым. 14:9).

Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры!

Сустракаючы сёння Пасху Хрыстову, будзем памятаць запавет Спасіцеля: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мф. 28, 20). Няхай гэты зарок умацуе нашы душэўныя і цялесныя сілы ў справе служэння Богу і людзям праз пропаведзь пра Яго цудоўнае Уваскрасенне!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС!

Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі ПАВЕЛ

Пасха Хрыстова 2018 год

 

АРХІЕРЭЙСКАЯ СЛУЖБА Ў СВЯТА-УВАСКРАСЕНСКІМ ХРАМЕ

У мінулую нядзелю ў вялікае свята ўспамінання Увахода Гасподняга ў Іерусалім у новым стаўбцоўскім храме Уваскрасення Хрыстовага ўпершыню прайшло богаслужэнне архіерэйскім чынам. Шматлікія прыхаджане прыйшлі ў гэты дзень на службу з галінкамі вербаў – як на сустрэчу з Хрыстом.

Бажэственную літургію ў гэты ўрачысты святочны дзень здзейсніў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Богаслужэнне з архіерэйскім хорам было настолькі прыгожым, адчувалася, што разам моляцца Нябёсы.

Шматлікіх прыхаджан перапаўняла духоўная радасць. Храм расквеціўся галінкамі вербаў, малітвенным настроем, сілай саборнай малітвы. Царква знаходзіцца ў новым мікрараёне горада, дзе пражываюць маладыя сем’і. На богаслужэнні было шмат бацькоў з дзецьмі – усё гэта стварала радасную атмасферу свята і шматколернасць. Удзельнікі ўрачыстасці маглі паглядзець, колькі ўжо зроблена па добраўпрыгажэнні храма пад пастырскім кіраўніцтвам протаіерэя Віталія Шаркова.

Уладыка Павел звярнуўся да шматлікіх прыхаджан з архіпастырскім словам, якое было з вялікай увагай успрынята ўдзельнікамі ўрачыстасці, і благаславеннем.

Адбылося асвячэнне прынесеных у храм галінак вербаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

←Инструменты разработчиков, о которых лучше узнать в начале карьеры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика