Багатую гісторыю мае Свята-Троіцкая царква ў вёсцы Месткавічы Пiнскага раёна
Цяпер немагчыма ўявіць сучаснае грамадска-палітычнае жыццё Беларусі без сувязі з рэлігійна-царкоўным. Багатая старонка праваслаўя адкрываецца за апошнія дваццаць гадоў. У 2017 годзе Беларуская праваслаўная царква і дзяржава працягнулі супольную працу ў галіне аховы і захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
Асаблівая ўвага надаецца захаванню традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа, духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення і прафілактыцы негатыўных з’яў і іх наступстваў у грамадстве. У аснову культуры і дзяржаўнасці нашай рэспублікі закладзены хрысціянскія каштоўнасці, якія з’яўляюцца самым верным арыенцірам у жыцці кожнага чалавека.
Жыццё хрысціяніна немагчыма па-за царкоўнымі зносінамі. Для нас, жыхароў вёсак Месткавічы, Стытычава, Завідчыцы, Іванікі, Хойна, Сачкавічы, Красава, Вялікія Дзіковічы, праваслаўнай святыняй з’яўляецца Свята-Троіцкая царква, размешчаная ў вёсцы Месткавічы. Багатую гісторыю мае наша святыня. Яшчэ ў XVIII стагоддзі ў в. Месткавічы існавала Свята-Троіцкая царква, якая не захавалася і невядома калі была пабудавана. У ліпені 1794 года 945 прыхажан-уніятаў перайшлі ў праваслаўе. Святаром быў Гаўрыіл Шамяціла. У 1827 годзе на месцы былой старажытнай царквы памешчыкам Антоніем Міхалоўскім была пабудавана новая Свята-Троіцкая царква. Матэрыял для царквы быў узяты пасля разборкі аднаго з храмаў у Пінску. На жаль, царква згарэла ў час навальніцы. Зараз на тым месцы ўстаноўлены крыж.
У 1875 годзе ў цэнтры вёскі была пабудавана драўляная Троіцкая царква, якая і ў нашыя дні з’яўляецца ўрачыстым акордам жыццесцвярджальнасці роднага краю. Царква чатырохзубная, крыжова-купальная. Сцены яе гарызантальна ашаляваны і аздоблены разьбой. Праваслаўная святыня пабудавана на сродкі Пацея Даманоўскага, Адама Зашчынскага, Васіля Качаноўскага. У мінулым стагоддзі ў прыходзе меліся царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.
У гады Першай сусветнай вайны немцы спалілі вёску Месткавічы, засталася толькі царква. У святыні нямецкімі войскамі быў адкрыты лазарэт. На тэрыторыі Свята-Троіцкага храма каля трыццаці захаванняў нямецкіх салдат. Сведкам тых падзей з’яўляецца бункер, які знаходзіцца побач з царквой. У гады Вялікай Айчыннай вайны царкву пашкодзіла снарадам. Прыхажане прыклалі ўсе сілы, каб адрамантаваць яе. А ў 60-70-я гады XX cтагоддзя сцены, зводы і купал царквы ўпрыгожылі роспісамі, якія адлюстроўваюць святых і біблейскія сюжэты. Над Царскімі варотамі знаходзіцца мясцоваўшаноўваемая ікона Божай Маці Па-чаеўская, якая з’яўляецца дакладнай копіяй Пачаеўскай цудатворнай іконы. У 20-30-я гады XX стагоддзя прыхаджане пешшу прынеслі яе з Пачаеўскай Лаўры.
Дзякуючы намаганням вучняў Стытычаўскай школы і ўспамінам Ганны Якаўлеўны Даманоўскай сталі вядомы прозвішчы святароў, якія служылі ў царкве з 1914 года. Гэта Завітневіч Уладзімір, Малашкавец Сцяпан, Ляшкевіч Матвей, Юрашкевіч Георгій, Сачкоўскі Іаан, Максімчук Іаан.
У цяперашні час святаром у Свята-Троіцкай царкве з’яўляецца протаіярэй Віктар Сачкоўскі, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Пінскай епархіі. Дзякуючы яму ў апошні час у храме правяліся рамонтныя работы. Настаяцель храма надае вялікую ўвагу духоўна-маральнаму выхаванню моладзі.
Багатая пінская зямля на праваслаўныя святыні. Мы, сучаснікі, павінны захаваць гэтыя святыні, каб захаваць сваю годнасць, каб і далей на нашай зямлі ўзрастала зерне культуры, дабрыні і памяці аб сваіх каранях.
Людміла Сачкоўская,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Стытычаўская сярэдняя школа».