Славутыя землякі Піншчыны. Таіса Васільеўна Шпакоўская

Источник материала:  
07.04.2018 — Разное
>

Славутыя землякі Піншчыны. Таіса Васільеўна ШпакоўскаяТаіса Васільеўна Шпакоўская (1936–2005), жывёлавод, Герой Сацыялістычнай Працы (1966)

Таіса Васільеўна Шпакоўская нарадзілася 25 чэрвеня 1936 года ў вёсцы Вішавічы Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пінскі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У адзінаццаць год страціла маці, а праз год стала круглай сіратой, рана давялося самой зарабляць. Працавала на Пінскім лесазаводзе, пасля заканчэння вучылішча механізацыі адправілася за рамантыкай — трактарыстам на асваенне цалінных зямель у Кустанайскай вобласці (Казахстан).

Праз два гады Таіса Шпакоўская вярнулася на Радзіму — старшыня калгаса У. А. Ралько ўгаварыў трактарыстку пайсці на ферму. З 1957 года працавала даяркай у калгасе «Аснежыцкі» Пінскага раёна. Тады за даяркай замацоўвалі групы кароў, іх трэба было не толькі даіць, але і карміць, падсцілаць, самім нарыхтоўваць кармы. У 1964 годзе надаіла ад кожнай каровы па 6500 кг малака і заваявала першынство ў спаборніцтве даярак рэспублікі. У наступным годзе яе калега, Кацярына Парфіраўна Ляснічая, атрымала самы высокі надой — па 7555 кг малака ад каровы.

22 сакавіка 1966 года за поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчых прадуктаў Т. В. Шпакоўскай і К. П. Ляснічай прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Калгас «Аснежыцкі», які быў створаны ў 1948 годзе пад назвай «Калгас імя Сталіна», даў краіне сем Герояў Сацыялістычнай Працы, 45 ардэнаносцаў (з іх 14 атрымалі ордэн Леніна). Лепшых паказчыкаў у БССР калгас дасягаў па ўраджайнасці зернавых, цукровых буракоў, у жывёлагадоўлі. З 1958 года «Аснежыцкі» — пастаянны ўдзельнік ВДНГ СССР, у 1967 годзе ўзнагароджаны ордэнам Леніна. У 1950–1992 гадах узначальваў калгас Уладзімір Антонавіч Ралько (1922–2006), двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1958; 1976).

У 1969 годзе Таіса Васільеўна цяжка захварэла, ляжала па бальніцах, атрымала інваліднасць, з цяжкай працы даяркі давялося сысці. У 1979 і 1980 гадах атрымала знакі «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва». З мужам, Паўлам Раманавічам, пабудавалі дом, гадавалі сына Ігара і дачку Вольгу, вялі хатнюю гаспадарку, трымалі карову.

Т. В. Шпакоўская памерла 5 снежня 2005 года.

←Лови волну радио «Юнистар»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика