У сельгаставарыствах

Источник материала:  
06.04.2018 — Разное

У сельгаставарыствах

ДЛЯ САМЫХ РУПЛІВЫХ

Па выніках работы за мінулы год жывёлаводы ААТ «Шашкі» прыбавілі ў вытворчасці малака. І хоць надой адносна невысокі, у сярэднім ад кожнай каровы атрымалі 3738 кілаграмаў, але прыбаўка склала 630 кілаграмаў да пазалеташняга выніку. І сёлета справа ладзіцца, з пачатку года дасягнуты самы высокі плюс сярод сельгаставарыстваў раёна – 214 кілаграмаў, а ад каровы надоена 698 кілаграмаў. Згодна з гэтым паказчыкам гаспадарка паднялася на радок вышэй у рэйтынгавай табліцы. Сумленным працаўнікам таварыства цалкам па сіле перакрыць сёлета чатырохтысячны рубеж.

У рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» самым дастойным работнікам фермаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч уручыла падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункі.

За прафесіяналізм і адданасць даручанай справе ўшанавана тэхнік-асемянатар Лідзія Бусько. У гэтай запатрабаванай спецыяльнасці Лідзія Уладзіміраўна шчыруе больш за дваццаць гадоў, і вынікі яе работы відавочныя: фотаздымак руплівіцы занесены сёлета на раённую Дошку гонару. За добрасумленную і шматгадовую працу заахвочана брыгадзір МТФ «Трылес» Тэрэза Калошыч. Тэрэза Баляславаўна займае гэтую пасаду ў гаспадарцы на працягу трыццаці пяці гадоў і з’яўляецца старажылам таварыства. Марына Азізава раней працавала жывёлаводам на свінаферме. Жанчына мае дваццацігадовы агульны працоўны стаж, апошнія чатыры гады завіхаецца аператарам машыннага даення на МТК «Старына». Марына Гірко з МТФ «Дружнае» пастаянна дабіваецца высокіх паказчыкаў па надоях малака. За стараннасць яе неаднаразова заахвочвалі. Марына Зянонаўна рупіцца аператарам машыннага даення сямнаццаць гадоў. Такі ж стаж работы і ў Жанны Буцька з МТФ «Дудкі». Жанна Францаўна шматдзетная маці, у сям’і чацвёра дзяцей. Два сыны і муж працуюць разам з ёю жывёлаводамі. Дзесяць гадоў шчыруе цялятніцай на МТК «Старына» Ірына Бурдукевіч, а да гэтага завіхалася ў паляводстве. Добрых слоў заслугоўвае работа даглядчыка-пастуха з МТФ «Трылес» Уладзіміра Кабылінскага, які працуе параўнальна нядаўна, але стараецца. Усе вышэйназваныя жывёлаводы мясцовыя і шчыра працуюць на сваёй малой радзіме.

Аператары машыннага даення Ірына Дудук, Аксана Свірская і Людміла Масло працуць адпаведна на МТФ «Шашкі» і «Дружнае». Гэтыя працавітыя жанчыны ў розныя гады прыехалі на працу ў гаспадарку і не ўступаюць у спрытнасці сваім каляжанкам. Ірына Анатольеўна мае вялікі вопыт у сваёй справе, заўжды адказна ставіцца да даручаных абавязкаў і лідзіруе ў таварыстве па надоях малака ад каровы.

Кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт сельгаставарыства цэняць сваіх сумленных жывёлаводаў і таксама стараюцца па меры магчымасці заахвочваць. Для рупліўцаў фермаў быў накрыты салодкі стол.

 

У КАГОРЦЕ ЎЗНАГАРОДЖАНЫХ

У жывёлагадоўчай галіне ААТ                «Рубяжэвічы» працуе нямала добрасумленных і шчырых работнікаў, дзякуючы ім прырастаюць у таварыстве паказчыкі па вытворчасці малака і мяса. У гаспадарцы, можна сказаць, адзін з самых вялікіх малочных статкаў у раёне, які налічвае паўтары тысячы кароў. Усіх іх трэба дагледзець, накарміць, падаіць. Работу гэтую выконваюць аператары машыннага даення, даглядчыкі і слесары малочнага абсталявання – людзі, напружаная і нялёгкая праца якіх заслугоўвае самай высокай адзнакі. У кагорце ўзнагароджаных – дзесяць прадстаўнікоў названых прафесій.

Трыццаць пяць гадоў нязменна шчыруе даглядчыкам на МТФ «Новыя Рубяжэвічы» Святаслаў Шчуплік – спагадлівы чалавек і бездакорны работнік. Вылучаецца стараннасцю аператар машыннага даення Святлана Самсонава. Больш за чвэрць стагоддзя аддаў працы ў жывёлагадоўлі Уладзімір Процька, які апошнім часам працуе слесарам малочнага абсталявання на МТФ «Тонава». Рупіцца тут аператарам машыннага даення Алена Скорбеж. Умела спраўляецца са сваімі абавязкамі памочнік брыгадзіра МТФ «Гнецькі» Вольга Дзеркачова, сям’я якой прыехала з Украіны. На гэтай ферме паказвае прыклад у працы даяр Іван Шыманскі. З поўнай аддачай шчыруюць жывёлаводы фермы «Тонава» Святлана Чэмка і Алена Мішук. У Алены Васільеўны пяцёра дзяцей. Неблагія паказчыкі ў аператара машыннага даення Ірыны Хмялеўскай і Ірыны Качановіч з МТФ «Русакі», апошняя спалучае і абавязкі тэхніка-асемянатара.

На здымках: Ірына Дудук; Тэрэза Калошыч (брыгадзір), Марына Азізава, Лідзія Бусько, Ірына Бурдукевіч, Людміла Масло, Марына Гірко, Жанна Буцька, Уладзімір Кабылінскі і Аксана Свірская; у першым радзе – Іван Шыманскі, Святлана Самсонава, Уладзімір Процька, Ірына Хмялеўская, Святлана Чэмка; у другім радзе – Святаслаў Шчуплік, Ірына Качановіч, Вольга Дзеркачова, Алена Скорбеж, Алена Мішук.

 

АДЗНАЧАНЫ БОЛЬШ ЗА 120 ЖЫВЁЛАВОДАЎ

Прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод», падчас якой                ушанавалі 121сумленнага работніка жывёлагадоўчай галіны, завяршылася. На мінулым тыдні атрымалі ўзнагароды ўвішныя жывёлаводы ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», у ліку якіх Валянціна Гацура, Таццяна Гілейша, Святлана Дудзінская, Таццяна Рубін (МТФ «Заямнае»), Кацярына Кажамяка (МТФ «Ячнае»), Аксана Логвін і Жанна Трацяк (МТФ «Яблынаўка»), Вольга Максімава (МТФ «Слабада»). У ААТ «Радзіма Дзяржынскага» – Аляксандр Рудовіч і Валянціна Ліпніцкая (МТФ «Слабодка»), Аксана Маркавец і Марына Макась (МТФ «Мешычы»), Валянціна Нягоцька і Анатолій Камяк (МТФ «Цеснавая»). У ААТ «Рочавічы» узнагароджаны: сямейная пара – Станіслаў і Таццяна Мароз (МТФ «Рочавічы»), Алена Налесная і Аляксей Пятруцік (МТФ «Кондратавічы»), Наталля Залатар і Алена Мянжынская (МТФ «Рудзевічы»), якія атрымалі падарункі і ад дырэкцыі, і ад прафкама гаспадаркі.

 

ЗАСЛУЖАНАЯ АДЗНАКА

У абласным конкурсе ў намінацыі «Лепшая сельскагаспадарчая арганізацыя па добраўпарадкаванні машыннага двара, гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы машынна-трактарнага парку да палявых работ» калектыву ААТ «Налібакі Агра» прысуджана трэцяе месца. Гэта заслужаная адзнака руплівым работнікам інжынернай службы гаспадаркі на чале з галоўным інжынерам Іванам Жаўнерчыкам. Парадак на мехдвары гаспадаркі падтрымліваецца пастаянна. Акуратна, згодна з правіламі, ставіцца на захоўванне сельскагаспадарчая тэхніка. Апошнім часам прыгажэйшым стаў вонкавы выгляд тэрыторыі – пафарбаваны вароты боксаў, дзе стаіць тэхніка. Летась заасфальтавалі пляцоўку ля ўяздных варот на тэрыторыю машыннага двара, дзе зрабілі стаянку для машын. Працаўнікам створаны належныя сацыяльна-бытавыя ўмовы. Адрамантавана дыспетчарская, дзе ўстаноўлена новая мэбля. Абсталявана цёплая бытоўка, тут работнікам можна пераапрануцца і паснедаць. Сёлетняй зімой стала намнога цяплей у механічнай майстэрні, бо мінулай восенню ўстанавілі ацяпляльны кацёл на мясцовых відах паліва з прымусовым абдзіманнем памяшкання гарачым паветрам. Ёсць тут душавая і ўмывальнік.

Дырэктар Віталій Кушнер нездарма ўдзяляе шмат ўвагі гэтаму вытворчаму падраздзяленню, бо ведае, што ад таго, наколькі якасна будзе падрыхтавана тэхніка да правядзення палявых работ, напрамую залежаць паказчыкі работы не толькі раслінаводчай, а і жывёлагадоўчай галіны. Кожны сезон выдзяляюцца неабходныя сродкі для рамонту сельгастэхнікі. І такі клопат кіраўніка аб механізатарах і работніках майстэрні сябе апраўдвае. Людзі задаволены і працуюць з поўнай аддачай.

Варта згадаць, што летась па выніках раённага спаборніцтва за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых, рапсу хлебаробы гаспадаркі аказаліся ў тройцы прызёраў. Дзякуючы шчыраванню кормаўборачнага атрада нарыхтоўваецца дастаткова кармоў для грамадскага статка, а значыць, ёсць поспехі ў вытворчасці малака і мяса. На працягу некалькіх апошніх гадоў па надоях малака ад каровы гаспадарка лідзіруе ў раёне, займае даволі высокую прыступку ў вобласці і ў рэспубліцы.

Пачалася веснавая пасяўная кампанія. Уся неабходная для правядзення палявых работ сельскагаспадарчая тэхніка знаходзіцца ў спраўным стане і ўжо задзейнічана на палетках.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

←Как живет многодетная семья Павловец

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика