Люстрадзён на сёньня

6 красавіка 1918 года ў вёсцы Валоўка (цяпер частка вёскі Альхоўка) Клінцоўскага раёна Бранскай вобласці ў сям’і селяніна нарадзіўся ўдзельнік баёў за вызваленне Ваўкавыска МЯДЗВЕДЗЕЎ Гаўрыла Мікалаевіч — камандзір разліку кулямётнай роты 336-га стралковага палка 5-й стралковай Арлоўскай Чырванасцяжнай дывізіі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту старшы сяржант, Герой Савецкага Саюза.
Рускі. Пасля заканчэння пачатковай школы працаваў у калгасе брыгадзірам.
У Чырвонай Арміі на сапраўднай ваеннай службе з 1938 па 1940 гады. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Другі раз прызваны ў Чырвоную Армію 10.09.1943 г. На фронце з 20 лістапада 1943 года.
Мядзведзеў асабліва вызначыўся ў баях пры вызваленні Гарадзенскай вобласці.
14 ліпеня 1944 г. у жорсткіх баях за Ваўкавыск Мядзведзеў, застаўшыся адзін з кулямётнага разліку, адбіў контратаку ворага. У вулічных баях у Ваўкавыску ён кулямётным агнём садзейнічаў поспеху наступу стралковых падраздзяленняў.
Пры фарсіраванні ў ліку першых ракі Рось быў паранены, але заставаўся ў страі, працягваючы ўмела камандаваць даручаным яму падраздзяленнем.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Мядзведзеву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка» (№ 8280).
Пасля вайны Мядзведзеў дэмабілізаваны. Вярнуўся на радзіму. Жыў у горадзе Клінцы Бранскай вобласці, дзе працаваў у Клінцоўскім раённым аддзяленні сувязі. Памёр 28 снежня 1979 г. Пахаваны ў Клінцах.
Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Славы 3-й ступені, медалём «За адвагу».
Мядзведзеў некалькі разоў прыязджаў у Ваўкавыск, бываў на месцы баёў.
8 траўня 2010 г. на будынку Альхоўскі школы адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі Герою Савецкага Саюза Мядзведзеву.
Усталявана ў с.Альхоўка на будынку сярэдняй школы, у якой вучыўся Герой.
На мемарыяльнай дошцы памылкова пазначана, што Мядзведзеў з’яўляецца поўным кавалерам ордэна Славы