Не губляць пільнасці
ПЕРАД ВЫХАДАМ У ПОЛЕ
Інспектары энерганагляду працягваюць агляды электраўстановак сельгаспрадпрыемстваў. Асобая ўвага напярэдадні вясенняй пасяўной – майстэрням па рамонце і захоўванні тэхнікі.
Ва ўсіх гаспадарках вядуцца работы па падрыхтоўцы тэхнікі да выхаду ў поле, і спраўнае электраабсталяванне – залог бяспекі работнікаў прадпрыемства. Згодна з графікам наведаны ААТ Шашкі», «Дзераўное», «Вялікі Двор», «Жацерава», ТАА «СЖК «Налібакі». Найбольш частае парушэнне – адсутнасць правераных электраахоўных сродкаў. У гаспадарках не праводзяцца выпрабаванні і вымярэнні супраціўлення ізаляцыі правадоў, кабеляў, а таксама вымярэнні прыстасаванняў зазямлення. У ААТ «Жацерава», «Дзераўное» і «Вялікі Двор» выяўлены факты эксплуатацыі зварачных апаратаў з самаробнымі трымальнікамі для электродаў.
З надыходам вясны павялічваецца верагоднасць навальніц, а на АЗС ААТ «Шашкі», «Дзераўное», «Радзіма Якуба Коласа», «Вялікі Двор» адсутнічаюць прыстасаванні маланкааховы.
Па выніках аглядаў выдадзены прапановы адносна ўхілення выяўленых недахопаў.
Валерый ШЫДЛОЎСКІ,інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»
КАМП’ЮТАРНЫЯ МАХЛЯРЫ
Апошнім часам пачасціліся выпадкі камп’ютарнага махлярства. У выніку віртуальных дзеянняў людзі губляюць рэальныя сумы грошай.
Схема такіх злачынстваў выглядае прыкладна аднолькава. Зламыснікі, маючы намер на крадзеж грашовых сродкаў шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, атрымліваюць незаконны доступ да інфармацыі на старонцы карыстальніка сацыяльных сетак. Так, махляры аблюбавалі сеткі «В Контакте», дзе яны ад імя ўладальніка старонкі рассылаюць рознага роду паведамленні асобам, якія ўнесены ў лік сяброў. Просьба «слёзная» – пералічыць грашовыя сродкі на мабільны тэлефонны нумар (аператар сотавай сувязі знаходзіцца, як правіла, за межамі Рэспублікі Беларусь) або паведаміць рэквізіты банкаўскай карты нібыта для пераводу на яе грашовых сродкаў.
У далейшым махляр завалодвае грашыма, якія паступаюць на абаненцкі нумар, або здымае іх з карт-рахунку, уводзячы ў камп’ютарную сістэму заведама фальшывую інфармацыю аб выкарыстанні банкаўскай плацежнай карткі яе трымальнікам.
Таксама ў крымінальных зводках фігурыруюць часцей за ўсё няспраўджаныя здзелкі, зробленыя праз сацыяльныя сеткі, адносна пакупкі адзення, у тым ліку дзіцячага, камп’ютарнай тэхнікі, дарагіх ювелірных вырабаў і т. п. Патэнцыйны пакупнік пералічвае так званаму прадаўцу грошы, але тавар не атрымлівае. Высвятляецца, што прадавец і не збіраўся нічога прадаваць, а проста прыдумаў такую легенду, каб завалодаць чужымі грашыма.
Не губляйце пільнасці і не дайце сябе ашукаць!
Мікалай СКРЫГАН,начальнік раённага аддзела Следчага камітэта