У жаночай сумачцы пінчанкі знайшлі труп нованароджанага дзіцяці

Фота: foter.com
35-гадовую жыхарку Пінскага раёна вінавацяць у забойстве нованароджанага дзіцяці. Падрабязнасці гэтага здарэння парталу tut.by распавёў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Іванюк.
26 студзеня каля 18.30 жанчыну даставілі ў лякарню з падазрэннем на выкідыш. Пра гэтае здарэнне медыкі паведамілі праваахоўнікам. Тыя паехалі на агляд кватэры. Там у жаночай сумачцы следчыя знайшлі труп нованароджанай дзяўчынкі з множнымі ранкамі і сінякамі, загорнуты ў пакет.
Эксперты прыйшлі да высновы, што дзіця загінула ад задушэння. Яе маці выставілі абвінавачанне ў забойстве заведама малалетняга. Жанчыну ўзялі пад варту.
Пінчанцы прызначылі комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.
Жанчына і яе сужыцель характарызуюцца нейтральна. У падазраванай ёсць дзіця ад першага шлюбу — дачка-студэнтка.