Якая яна, малая радзіма?

Источник материала:  
05.04.2018 — Разное

Таццяна Васюціч, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама:

— Нарадзілася і вырасла на Століншчыне ў вёсцы Вялікія Вікаравічы. Ганаруся сваімі паляшуцкімі каранямі, бо ў нас заўсёды жылі людзі з асаблівым гаспадарскім стаўленнем да зямлі. Дзяцінства праходзіла, як і ў большасці аднагодкаў, за карпатлівай працай у парніках, якія займалі ледзь не ўвесь агарод у 40 сотак. Вырошчванне гародніны — работа хоць і цяжкая, бо нярэдка трэба было ўставаць гадзін у 5 раніцы, а то і раней, але і цікавая. Прыемна назіраць, як у цяпліцы ўжо растуць агуркі, тады як на вуліцы толькі-толькі ўстойлівы плюс. Напрыканцы красавіка заўсёды мелі на стале ўласныя агуркі. Дарэчы, аграрныя веды спатрэбіліся: на сваім агародзе ў Забалацці таксама штогод вырошчваю агуркі і памідоры. Канечне, умовы крыху не такія, як на поўдні Беларусі, аднак таксама нядрэнна атрымліваецца. Нядаўна ездзіла ў сваю родную вёску, з задавальненнем прымячала, як то тут, то там уздымаецца ў неба дымок ад печак, што ў парніках — значыць, каліўцы ўжо высаджаныя ў грунт, агурковы сезон можна лічыць распачатым!

Андрэй Торбін, кіраўнік клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Штык”:

— Месца майго нараджэння — горад Калінін, якому ў 1990 годзе была вернута назва Цвер. Проста абавязаны ўзгадаць Волгу, бо калі не ўспомню гэту магутную рускую раку, на беразе якой праходзіла і маё кожнае лета ў юныя гады, не скажу нічога. На рэчцы можна было правесці цэлы дзень, купаючыся, проста лежачы на пясочку, гуляючы. Канечне, справай гонару лічылася навучыцца добра плаваць. Асаблівае задавальненне — дачакацца больш-менш буйнога судна, каб потым разам з сябрамі “лавіць хвалі”… З гадамі ўсё радзей і радзей бываю ў горадзе дзяцінства, аднак ніколі яго не забываю. Ну а Беларусь, Асіповічы сталі сапраўднай другой радзімай.

Людміла Ганчар, бібліятэкар гарадской дзіцячай бібліятэкі:

—Дабрынь — такую мілагучную назву мае родная вёска. Сёння гэта аграгарадок, які размяшчаецца ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці. Бываю на радзіме цяпер нячаста, раз у год на Радаўніцу, аднак гэта не  азначае, што страчаны сувязі з землякамі. І зараз падтрымліваем сяброўскія ўзаемаадносіны з аднакласнікамі, пра класнага кіраўніка нават пісала ў ельскую “раёнку”. Прыемна назіраць, што, нягледзячы на чарнобыльскую трагедыю, родны населены пункт не страціў жыццёвай моцы. Апошнімі гадамі, дарэчы, сюды прыехала нямала перасяленцаў з Украіны: ад нас, напрыклад, да Оўруча ўсяго паўсотні кіламетраў. Калі ж іду юнацкімі сцяжынкамі, ахопліваюць розныя пачуцці: туга па дзяцінстве і радасць сустрэчы з роднымі мясцінамі, задаволенасць тым, што Дабрынь працягвае сваё развіццё…

Аляксандр Хаткевіч, начальнік участка ДУКВП “Водаканал”:

— Вялікая справа — карані. Менавіта яны і сталі прычынай, чаму апынуўся на Асіповіччыне. Матуля была асіпаўчанкай, бацька — з Клічаўскага раёна. У свой час яны асвойвалі цаліну, нарадзіўся я ў Казахстане. Ранні перыяд жыцця, зразумела, не памятаю, а вось горад Троіцк, што ў Чалябінскай вобласці, куды з цягам часу пераехала сям’я, дзе вучыўся ў школе, а потым і ў тэхнікуме, у памяці застаўся назаўсёды. Шчыра кажучы, не шкадую, што лёс прывёў на гістарычную радзіму, дзе працую ўжо з 1979 года. Люблю Асіповіччыну, нягледзячы на ўсе тыя “вузкія месцы”, якія даводзіцца ведаць і выпраўляць па службе. Прыемна адчуваць сваю далучанасць да забеспячэння камфортнай жыццядзейнасці землякоў. Адказваю за водазабеспячэнне сельскіх населеных пунктаў і буду шчаслівы, калі да дзвюх дзеючых станцый абезжалезвання ў Сасновым і Вяззі далучыцца яшчэ 18 — па нашых падліках, менавіта столькі, калі ў ідэале, іх яшчэ трэба пабудаваць. Імкнуцца, як кажуць, ёсць да чаго. Будзем працаваць!

←Стало известно, кого будут считать тунеядцами и какие услуги будут по полной оплачивать иждивенцы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика