29 сакавіка свой чарговы юбілей адзначыла Лія Аркадзьеўна Пузікава з аграгарадка Германавічы. 41 год жанчына адпрацавала ў сістэме спажывецкай кааперацыі раёна
Яшчэ тры дзясяткі гадоў таму назад жыхары нашага раёна і ўявіць сабе не маглі, што такое супермаркеты. Нашы бацькі, бабулі і дзядулі карысталіся паслугамі гандлёвых магазінаў і кропак сістэмы спажывецкай кааперацыі раёна – моцнай у той час арганізацыі, дабрабыт якой ствараўся дзесяцігоддзямі, дзякуючы сумленнай працы вялікай колькасці людзей.
З ліку “старай гвардыі” гандлёвых работнікаў раёна –і Лія Аркадзьеўна Пузікава – жыхарка аграгарадка Германавічы, якая 29 сакавіка адзначыла свой чарговы юбілей. 41 год, аж да самай пенсіі жанчына адпрацавала ў сістэме Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства.
Лія Аркакдзьеўна нарадзілася ў вёсцы Бардзянцы, якая зараз уваходзіць у склад тэрыторыі Більдзюжскага сельскага савета. Пасля заканчэння Полацкага кааператыўнага тэхнікума пачала працаваць загадчыцай аднаго з магазінаў у Міёрскім раёне, у 1967 годзе вярнулася ў родны Шаркаўшчынскі раён. Спачатку з’яўлялася намеснікам старшыні Іёдскага сельскага спажывецкага таварыства, праз два гады перавялася на працу ў Германавічы. У сельскім спажывецкім таварыстве, якое мясцовыя жыхары добра ведалі як “сельпо”, спачатку была таваразнаўцам, потым эканамістам, намеснікам старшыні, а затым – і старшынёй. На працягу апошніх 6 гадоў з’яўлялася начальнікам гандлёвага аддзела Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства. Ужо падчас работы ў сістэме спажывецкай кааперацыі раёна завочна закончыла Маскоўскі кааператыўны інстытут па спецыяльнасці “таваразнаўца”.
12 год назад Лія Аркадзьеўна пайшла на пенсію. З цяплом і асаблівай удзячнасцю жанчына і сёння ўспамінае многіх сваіх былых калег, якія, за многія гады, праведзеныя побач на працы, сталі сапраўднымі сябрамі і ў асабістым жыцці.Многія з іх у дзень юбілею завіталі да Ліі Аркадзьеўны ў госці, каб павіншаваць яе з прыгожай і адметнай датай. Усе яны адзначылі, што Лія Аркадзьеўна заўсёды была і застаецца адказным і камунікабельным чалавекам, дабразычлівай, цудоўнай, уважлівай да людзей жанчынай, якая з аптымізмам глядзіць у будучыню і ўмее цаніць тое, што мае. Сама ж юбілярка асаблівыя словы ўдзячнасці адрасавала чалавеку, які працяглы перыяд узначальваў Шаркаўшчынскае раённае спажывецкае таварыства: “ Яўген Фаміч Кандраценка заўсёды душой хварэў за сваю справу, дапамагаў нам, сваім падначаленым, і заўсёды падтрымліваў, з вялікай адказнасцю і прафесіяналізмам выконваў ускладзеныя на яго абавязкі,-адзначыла мая суразмоўца.- Менавіта ў гэтага кіраўніка я, і многія мае калегі вучыліся працаваць.”
Будучы ўжо на заслужаным адпачынку, асаблівы клопат і ўвагу, жанчына адчувае ад сваіх дарослых дзяцей – дачок Людмілы і Вольгі, сына Андрэя, якімі вельмі ганарыцца. Старэйшыя дзеці Ліі Аркадзьеўны пражываюць у Шаркаўшчыне, малодшая дачка Вольга – у Мінску. Адзіная пакуль што ўнучка Лія, названая ў гонар любімай бабулі, радуе юбілярку сваімі поспехамі. Дзяўчына пражывае ў Мінску і працуе ў сферы турызму ў Міністэрстве спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
У дзень юбілею заслужанага работніка гандлю, Лію Аркадзьеўну Пузікаву, якая звыш чатырох дзясяткаў гадоў адпрацавала ў сістэме спажывецкай кааперацыі раёна, павіншавалі намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Ірэна Францаўна Бука, старшыня раённага Савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава,сябры, суседзі, былыя калегі па працы і ўсе родныя.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.