«БАЯН-ФЭСТ»: разнапланава і на высокім узроўні
Фестываль баяннай і акардэоннай музыкі «Баян-Фэст» сабраў музыкантаў з Браслаўшчыны, Мёр і Наваполацка.
Трэці год запар баяністы і акардэаністы збіраюцца на браслаўскай зямлі, каб ва ўтульнай і творчай атмасферы паказаць сваё выканальніцкае майстэрства. Адметна, што фестываль з кожным разам набірае моц і павышае свой узровень. У гэтым годзе да басістых баянаў і акардэонаў далучыліся звонкія цымбалы і спевакі, якія ўнеслі ў канцэрт іскрынку.
Права адкрыць фестываль было дадзена гасцям — інструментальнаму ансамблю з Мёр. Яны сваім заліхвацкім выступленнем задалі тон усяму мерапрыемству. На працягу некалькіх гадзін канцэртная праграма ні на хвілінку не адпускала гледачоў. Музыканты выконвалі розныя нумары — ад класікі да сучасных мелодый. Выступалі сольна, дуэтам, трыа. Удзельнікі фестывалю — пачынаючыя музыканты і прафесіяналы. Так, адзін за адным на сцэну выходзілі лепшыя з лепшых баяністаў і акардэаністаў Браслаўскай ДШМ — лаўрэаты розных конкурсаў. Сваім выкананнем музычных твораў яны даказалі, што дыпломы і граматы атрыманы нездарма. Прыемна было бачыць сярод гасцей свята выпускніка ўстановы, а цяпер студэнта Наваполацкага каледжа Дзяніса Ясіновіча, які прыехаў разам з педагогам Аляксандрам Шабуцкім і лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў Даніілам Асяпёнкам. Цёпла гледачы сустракалі і ўдзельнікаў з Відзаў, якія сыгралі сучасныя хіты, чым выклікалі авацыі ў зале.
Асаблівая ўвага падчас фестывалю была ўдзелена педагогу Альберту Белусю. Ён не адзін дзясятак гадоў аддана служыць музыцы, выхаваў не аднаго музыканта, а яго распрацоўкі для навучання ігры ўвайшлі ў зборнік «Мініяцюры для навучэнцаў пачатковых класаў дзіцячых школ мастацтваў, гурткоў і аматараў ігры на баяне і акардэоне», які быў выдадзены Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці ў 2017 годзе. Як доказ шматграннасці таленту Альберта Белуся са сцэны ў выкананні трыа народнага ансамбля «Сябрына» Ахрэмаўскага ЦНК прагучала песня «Браслаўскі вальс», якую напісаў музыкант на словы мясцовага паэта Данііла Валчка.
Па традыцыі фестываль завяршыла выступленне ідэйнага натхняльніка мерапрыемства — узорнага аркестра баянаў Браслаўскай ДШМ пад кіраўніцтвам Ірыны Бялусь. Непаўторныя музычныя нумары ў іх выкананні падарылі асалоду гледачам і сталі яркім заключным акордам свята! На памяць пра фестываль баяннай і акардэоннай музыкі «Баян-Фэст» усе музыканты атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў і падарункі ад арганізатара — Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў.
■ Алена НАБЕЕВА.
Фота аўтара.