Хто з дзяцінства марыць працаваць у міліцыі?...
03.04.2018
—
Разное
У Івацэвічах на базе сярэдніх школ утвораны і паспяхова дзейнічаюць прававыя класы, якія створаны з мэтай патрыятычнага выхавання моладзі, фарміравання ў дзяцей пачуцця адданасці канстытуцыйнаму доўгу па абароне роднай краіны. І вось з якой сітуацыяй прыходзіцца сутыкацца: некаторыя з бацькоў кажуць, што было б добра, калі б у сістэме МУС былі вучылішчы накшталт сувораўскіх. На што асабіста я адказваю: такая навучальная ўстанова ёсць – “Спецыялізаваны ліцэй МУС Рэспублікі Беларусь”.
Чамусьці многія аб гэтай установе не ведаюць, а вучоба там, дарэчы, сапраўды, такая ж, як і ў сувораўскім вучылішчы. Прымаюцца непаўналетнія грамадзяне Беларусі, якім ужо споўнілася або ў год паступлення ў ліцэй МУС споўніцца 12 гадоў і якія завяршылі навучанне ў 6-м класе на 2-й ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Залічэнне ажыццяўляецца па конкурсе на аснове ўступных экзаменаў і пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў. Зразумела, што навучэнцы забяспечваюцца жыллём і харчаваннем, а пасля заканчэння ліцэя маюць перавагі пры паступленні ў навучальныя ўстановы праваахоўнага кірунку, на юрыдычныя спецыяльнасці. Больш падрабязна пра гэтую навучальную ўстанову можна даведацца, калі зайсці на сайт УА “Спецыялізаваны ліцэй МУС Рэспублікі Беларусь”.
Ларыса КОЛБІК, намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС.